Гэтыя 10 сутак здаюцца мне помстай за нейкі сарваны план
“…Гэтыя 10 сутак здаюцца мне помстай за нейкі сарваны план у дачыненні да мяне. Які, можна толькі здагадвацца. … Калі змаўчу, то будуць яшчэ больш “крутыя” планы”.
Такія радкі напісаў Мікалай Статкевіч аб падзеях 20-21 чэрвеня, якія сталіся рэакцыяй на чарговую адмову напісаць прашэнне, у лісце да жонкі.
Ён распавёў таксама аб сваёй “схільнасці да суіцыду”… 27 чэрвеня палітык падаў заяву на імя начальніка турмы, Аляксандра Ламазы, у якой узгадаў, што яшчэ ў студзені падчас паседжання камісіі той зрабіў заяву, што Мікалай Статкевіч схільны да суіцыду. У сувязі з падзеямі 20-21 чэрвеня такія заявы ўспрымаюцца інакш. Таму палітвязень (далей цытуем) “папрасіў у начальніка турмы адказаць на два пытанні: 1) адкуль ён узяў інфармацыю аб маіх “суіцыідальных” схільнасцях; 2) ці не збіраецца ён прымусіць мяне да суіцыду і потым апраўдаць сябе гэтымі маімі нібыта “схільнасцямі” – “ведь я же предупреждал””.
Далей Мікалай Статкевіч піша, што 27-га чэрвеня пасля абеду адбылося паседжанне камісіі турмы, на якім начальнік, хаця і не адразу, падцвердзіў факт сваёй заявы, але не адказаў, чаму ён яе зрабіў. На той жа камісіі кандыдату ў прэзідэнты і яго суседу па камеры вынеслі спагнанне – па 10 сутак карцэра, нібыта, за выпадак 20-21-га чэрвеня.
“За што дакладна, я так і не зразумеў. Ніхто таго чалавека і пальцам не крануў, голас на яго не ўзвысіў. (…) Няўжо я такі страшны?” – задае пытанне Мікалай Статкевіч.
“Увогуле, гэтыя 10 сутак здаюцца мне помстай за нейкі сарваны план у дачыненні да мяне. Які, можна толькі здагадвацца. (…) Калі змаўчу, то будуць яшчэ больш “крутыя” планы” – напісаў палітык.