Мікалая Статкевіча пакінулі на строгім рэжыме на нявызначаны тэрмін
Пра гэта паведаміла Марына Адамовіч, якая 20 ліпеня наведала Магілёўскую турму, дзе трымаюць яе мужа, палітыка Мікалая Статкевіча.
«З карцэру ён выйшаў у панядзелак, 16 ліпеня. І адразу даведаўся, што яму працягнуты строгі турэмны рэжым на нявызначаны тэрмін. Ён быў на строгім рэжыме ўжо паўгады, і, згодна з заканадаўствам, ад 12 ліпеня яго маглі перавесьці на звычайны рэжым, але пакінулі строгі. Гэта азначае, што я не здолею яго больш пабачыць у гэтым годзе. Бо строгі рэжым у турме прадугледжвае толькі адно кароткае спатканне на год, прычым, у гэтым спатканні могуць узяць удзел не больш за дзвух сваякоў. таму, калі ў чалавека вялікая сям\’я, то блізкія мусяць “выбіраць”, хто можа пабачыць роднага чалавека. Я сваім правам скарысталася разам з Віктарам Паўлавічам, бацькам Мікалая, яшчэ 1-га чэрвеня”, – сказала жонка палітвязня.
“І яшчэ мне стала вядомая фармулёўка, зь якой ён трапіў у карцэр — „за аказаньне маральна-псыхалягічнага ціску“. На каго — незразумела. Мабыць, ён адмоўна ўплывае на тонкую душэўную арганізацыю адміністрацыі турмы. прымушае іх хвалявацца, рабіць непрыстойныя ўчынкі… Дарэчы, не ведаю такой фармулёўкі ў законе, каб змясціць чалавека ў карцар”.
Стала таксама вядома, што спробы правакацый супраць Мікалая Статкевіча працягваюцца. “Я мяркую, што ёсць нейкі загад: калі ўжо зразумела, што спробы прымусіць напісаць “прашэнне” – марныя, то трэба любой цаной прынізіць Мікалая, альбо нанесці непапраўную шкоду яго здароўю ці нават паставіць пад пагрозу яго жыццё”.
Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны за падзеі 19 сьнежня 2010 году на 6 гадоў зьняволеньня. З пачатку 2012 году рэжым утрыманьня для Статкевіча зьмянілі з калёніі на крытую турму.