Навіны

Інфармацыйныя канікулы Еўразвяза скончыліся

Жонка палітзняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіч Марына Адамовіч назвала важным знакам заяву прэзідэнта Еўрапейскага парламента Марціна Шульца. Палітык, адкрываючы сесію парламента ў Страсбургу, нагадаў аб сітуацыі ў Беларусі і беларускіх палітзняволеных.

“Відавочна, што інфармацыйныя канікулы Еўразвяза скончыліся,” – сказала Марына Адамовіч.

Вельмі радуе, што доўгая летняя паўза Еўразвяза, якая тычылася нейкіх актаў, дзеянняў і заяў, скончылася. Яна прарвана, так можна сказаць, заявай Марціна Шульца. Я яму вельмі ўдзячна. Гэта даўні сябра сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі. Гэта чалавек, які даўно і асабіста ведае Міколу Статкевіча. Таму для мяне канец інфармацыйных канікулаў, дзякуючы яго заяве, з’яўляецца знакавай і значнай падзеяй.

Па словах Марыны Адамовіч, важна, што Марцін Шульц не проста канстатаваў працяг парушэння правоў чалавека ў Беларусі і заклікаў беларускія ўлады пачаць палітычныя змены і рэформы. Першым крокам для гэтага ён назваў неадкладнае і безумоўнае вызваленне і рэабілітацыю ўсіх палітзняволеных. “Далейшае ўтрыманне пад вартай Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Каваленкі, Змітра Дашкевіча і іншых палітзняволеных з\’яўляецца непрымальным. Мы не забыліся!” – гаворылася ў заяве Марціна Шульца.

Радыё Рацыя