Акцыя 19 снежня будзе выключна мірнай
Акцыя 19 снежня будзе выключна мірнай — так пракаментавалі апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты заяву кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Макея.
Вечарам 11 снежня ў эфіры тэлеканала «РТР-Беларусь» Макей паведаміў пра падрыхтоўку правакацый у дзень выбараў. Паводле яго слоў, апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты рыхтуюць 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы Мінска правакацыі з ужываннем выбуховых рэчываў. «Ужо вядома, што яны не збіраюцца мірным чынам праводзіць гэта мерапрыемства. Рыхтуюцца групы баевікоў, закупляюцца цёплыя рэчы, піратэхнічныя і нават выбуховыя рэчывы», — заявіў Макей.
Паводле яго слоў, «апазіцыйныя кандыдаты адназначна нацэльваюць людзей, нацэльваюць сваіх прыхільнікаў на правакацыі, на стварэнне „карцінкі“ для заходняга тэлебачання, каб потым сказаць: вось, бачыце, якая яна ўлада — жорсткая, як яна жорстка абыходзіцца са сваімі выбаршчыкамі».
«Думаю, ва ўлады досыць сіл і сродкаў, каб адрэагаваць спакойна і годна на падобнага кшталту сітуацыю», — дадаў Макей.
Падобныя заявы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч расцэньвае як «спробу запалохаць людзей». Паводле меркавання палітыка, такія заявы сведчаць пра слабасць улады.
«Гэта чарговая спроба запалохаць людзей.
У 2006 годзе тагачасны кіраўнік КДБ Сцяпан Сухарэнка запалохваў людзей нейкімі дохлымі пацукамі, якіх мы так і не ўбачылі. Цяпер Макей палохае людзей баевікамі і зброяй», — сказаў Статкевіч.
Паводле меркавання кандыдата, калі б улады былі ўпэўненыя ў сваёй перамозе на выбарах, яны не рабілі б такіх заяў.
Падобныя заявы Статкевіч расцэньвае як гарантыю таго, што акцыя 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы пройдзе мірна. «Яны не будуць ужываць сілу. Інакш усё тое, што яны гаварылі, перакладзецца на іх», — лічыць палітык.
Уладзімір Някляеў, у сваю чаргу, заявіў: «Калі сёння хтосьці рыхтуе тэракт, то хіба што ўлада. Сама рыхтуе, сама папярэджвае — чытай пагражае.
А кандыдатам ад апазіцыі ёсць чым заняцца: імгненне агітацыі ў нашай краіне кароткае і ўсе імкнуцца атрымаць ад яго максімальны эфект. У тым ліку — расказаць пра тое, што выхад на плошчу будзе насіць выключна мірны характар».
Нагадаем, 9 снежня Генпракуратура Беларусі вынесла афіцыйныя папярэджанні пяцярым кандыдатам у прэзідэнты за заклікі да выбаршчыкаў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня. Папярэджанні атрымалі Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук і Андрэй Саннікаў.
10 снежня Генпракуратура заклікала грамадзян не паддавацца на правакацыйныя заклікі. «Генеральная пракуратура заклікае грамадзян, прыхільнікаў альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, незалежна ад палітычных поглядаў і перакананняў не паддавацца на яўныя правакацыйныя заклікі і парушаць заканадаўства, не рызыкаваць сабой і іншымі асобамі», — заявіў начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў.
Сяргей Пульша, БелаПАН
12.12.2010