Навіны

Уладзімір Караткевіч. Да дня нараджэння паэта.

26 лістапада 1930 года нарадзіўся Чалавек, які перавярнуў свядомасць цэлага пакалення беларусаў, Чалавек, дзякуючы якому з\’явіліся напачатку кволыя і нясмелыя ручаіны беларускасці, якія пасля ператварыліся ў шырокую плынь нацыянальнага адраджэння 80-90-х гадоў.

Гэты чалавек – Уладзімір Караткевіч.

Сёння яму было б 82 гады.

Амаль хрысціянскі тост за ворагаў 
Адаму Мальдзісу

Гіене – баяцца, сабаку – вішчаць, 
Свінні – рыцца ў гноі сваім, 
А льву патрэбны калючы гушчар, 
Родны край і свабода ў ім. 
П\’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў 
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць, 

Бо ўсе мы тут не з гіен і не з псоў, 
Бо мы – сапраўднай крыві. 
І таму давайце за ворагаў піць 
І за імі сатканую сець, 
Бо ім не дадзена нам палюбіць 
І не дадзена нас зразумець. 
Бедалагі! 
Не ўцяміць іх бедным мазгам, 
Пакуль не праб\’е ім канец, 
Як добра быць другам і братам нам, 
І яму, і табе, і мне. 
Божа, дай ім даўжэй пражыць, 
Хай спаўна аттрубяць свой час, 
Хай да самай апошняй нашай мяжы 
Будуць яны у нас. 
Божа, ты скінуў іх нам, як дары, 
І мы славім мудрасць тваю, 
Бо яны нас будзяць яшчэ на зары 
І рана заснуць не даюць. 
І ўстаем і арэм мы нашы палі, 
Пакуль не апусціцца змрок, 
І мы ўстаем, і зброю сталім, 
Слова сталім і радок. 
Ім няма з кім ісці плячо да пляча, 
З кім любіць, з кім стаяць у баі, 
З кім смяяцца, спрачацца і нават маўчаць. 
А памруць – хто паплача па іх? 
Даруй ім. Яны пакараныя й так 
(Даруй хоць на гэты раз), 
Бо розуму ў іх, як слёз у катa, 
І не могуць пазычыць у нас. 
І даруй нам, што сеем мы ў душы ім жах, 
Як скачком бяром частакол, 
Што даводзіцца ім дрыжаць у дамах, 
Калі гойсае леў вакол. 
Твой закон, што вазіць нявартыя гной 
Чалавек такі і народ, 
Калі вораг ад назвы іхняй адной 
Не бялее, як снег і як лёд.
 
1968