Мілінкевіч заклікаў Еўразвяз адмовіцца ад санкцый супраць Лукашэнкі
На канферэнцыі ў Брусэлі прадстаўнікі Еўрапарламента пераконвалі беларускую апазіцыю ў неабходнасці дыялогу з уладамі.
Нават арганізатары не чакалі такога ажыятажу вакол канферэнцыі, якая адбылася 9 красавіка ў Брусэлі. Прыводзім рэпартаж «Радыё Свабода» з Брусэля.
Павышаны інтарэс справакавалі заявы, апублікаваныя ў інтэрнэце напярэдадні, – спачатку дэкларацыя трох апазіцыйных палітыкаў, а потым адказ каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, былога палітвязня Андрэя Саннікава.
Галоўнае пытанне, якое ў чарговы раз падзяліла апазіцыю – ці патрэбны дыялог з рэжымам?
«Дыялог аб мадэрнізацыі з беларускім грамадствам» – так афіцыйна называлася канферэнцыя, хоць выступленні еўрадэпутатаў і прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці ахоплівалі значна больш шырокія тэмы.
Зала была практычна запоўненая. Наогул, у калідорах Еўрапарламента гучала беларуская мова. Акрамя запрошаных гасцей, былі беларускія студэнты з Варшавы, прадстаўнікі беларускай эміграцыі, аналітыкі і журналісты.
З прывітальным словам выступіў непасрэдны арганізатар канферэнцыі, старшыня камітэта па адносінах з Беларуссю, польскі дэпутат Філіп Качмарэк. Ён прапанаваў прааналізаваць вынікі і паразважаць пра будучыню праекту «Дыялог аб мадэрнізацыі», якому ў сакавіку споўніўся год.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ежы Памяноўскі адзначыў, што ўлады не дэманструюць жадання да дыялогу аб мадэрнізацыі, але пры гэтым у беларускім грамадстве адбываюцца істотныя змены. Па словах Памяноўскага, улады не разумеюць, што «мадэрнізацыя – гэта не значыць пафарбаваць агароджу».
Віцэ-старшыня Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч адзначыў, што дыялог неабходны, і спаслаўся на вопыт польскай «Салідарнасці». Паводле яго слоў, трэба супрацоўнічаць з элітамі на мясцовым узроўні, што рана ці позна наступіць перыяд трансфармацыі, калі кантакты і вопыт гэтых людзей будуць неабходныя.
Старшыня камітэта па замежных справах Еўрапарламента Эльмар Брок падкрэсліў, што праблема эфектыўнасці «Дыялогу аб мадэрнізацыі» не ў тым, каб павялічыць грашовую дапамогу, а ў тым, як гэтыя грошы асвойваюцца. Таксама ён выказаў скепсіс адносна саміту «Усходняга партнёрства», які адбудзецца ў Вільні восенню.
Дырэктар дэпартамента па пытаннях Расеі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕЗ Гунар Віганд паведаміў, што ў Тбілісі адбылася сустрэча, падчас якой Штэфан Фюле і Уладзімір Макей дамовіліся аб далучэнні Беларусі да «Дыялогу аб мадэрнізацыі». Пры гэтым даў зразумець, што дыялог з уладамі будзе адбывацца не разам з грамадзянскай супольнасцю, а паралельна.
Адзін з каардынатараў рабочых груп «Дыялогу аб мадэрнізацыі» Аляксандр Аўтушка-Сікорскі прадэманстраваў слайды з аналізам і ацэнкай эфектыўнасці праекту. Паводле яго слоў, 95 адсоткаў беларусаў не чулі пра «Дыялог». Паводле яго слоў, цяпер плануецца адкрыццё так званай «другой дарогі» «Дыялогу аб мадэрнізацыі» – з удзелам прадстаўнікоў урада Беларусі.
Сярод беларускіх выступоўцаў меркаванні падзяліліся ў стаўленні да магчымага дыялогу з уладамі. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што спадзявацца на шмат крокаў з боку ўлады не даводзіцца, і «калі будзе адбывацца мадэрнізацыя, то гэта будзе аўтарытарная мадэрнізацыя, без дэмакратызацыі грамадства».
Анатоль Лябедзька раскрытыкаваў ідэю дыялогу з уладамі без удзелу грамадзянскай супольнасці:
«Па-ранейшаму застаюцца тры ўмовы: вызваленне палітвязняў і іх рэабілітацыя, правядзенне свабодных і празрыстых выбараў, а потым – дыялог аб мадэрнізацыі. І толькі ў такім парадку, ніякага іншага».
Нельга сказаць, чые аргументы апынуліся мацней. На канферэнцыі не прымалася рашэнняў і рэзалюцый. Аднак мяркуючы па ўсім, «Дыялог аб мадэрнізацыі» будзе працягвацца.
Ці атрымаецца ўцягнуць у гэты праект улады Беларусі – неўзабаве будзе відаць.