Навіны

КАБ ВЫЙСЦІ З ТУПІКА

Сёння мы прапануем другую частку ліста, дасланага Мікалаем Статкевічам са шклоўскай калоніі, якая працягвае тэму стратэгіі і тактыкі дэмакратычных сіл, пачатую ў першым лісце на волю. Нават адарваны ад палітычнага жыцця ўжо цэлы год, Мікалай не страціў яснага разумення сітуацыі ў краіне і прапануе шляхі да перамен. 

Адсутнасць у кіраўніцтва беларускага рэжыму здольнасці да стратэгічнага планавання будучыні краіны, адказнасці за яе лёс, парушэнне асноўных законаў будаўніцтва дзяржавы і нацыі прывялі Беларусь у стратэгічны тупік. Хітрасць, талент папуліста і здаровы сэнс “простага чалавека”, нават калі ўсё гэта абпіраецца на паранаідальную прагу ўлады і адсутнасць маральных абмежаванняў – недастатковыя якасці, каб пабудаваць сучасную дзяржаву са сваім сталым месцам ў сусветным падзеле працы.

Паразітаваць на комплексах і стэрэатыпах суседніх краін – гэта не можа быць доўгатэрміновай стратэгіяй для дзяржавы.Махлярства бывае паспяховым, пакуль ёсць людзі, якія вераць у сумленнасць махляра. Зараз, калі такіх сярод кіраўнікоў Расіі і Еўропы не засталося, калі крызіс мадэлі паразітарнай эканомікі відавочны, мы назіраем замест спроб пошука новай стратэгіі – істэрыку ўлады. Такое ўражанне, што рэжыму ўжо патрэбен кансіліум псіхіятраў, а не паліталагічны аналіз дзеянняў.

З фазы псеўдаразвіцця рэжым перайшоў у фазу накаплення пазык і продажу найбольш ліквідных актываў дзеля свайго захавання на нейкі дадатковы час.

Відавочна, што рэжым не здолее вывесці краіну са створанага ім тупіка. Неабходна змена палітычнай сістэмы, пераход краіны да палітычнай і эканамічнай свабоды. Гэта можа адбыцца праз ціск на збанкрутаваўшыя ўлады і прымушэнне іх да саступак. Пры адсутнасці такіх саступак дэмантаж рэжыму можа быць раптоўным, пры пераходзе сацыяльнай і палітычнай напружанасці пэўнай мяжы.

Дэмакратычныя партыі, некалі створаныя і падрыхтаваныя для ўдзелу ў сумленных выбарах, не ў стане аднаасобна вырашыць задачу дэмантажа рэжыму. Але яны могуць стаць арганізатарам шырокага руху ўсіх слаёў грамадства, час якога наспеў. Бо толькі такі Рух здольны пераламіць сітуацыю ў бок дэмакратыі.

Наконт фармату Руху… На Плошчы 19 снежня мінулага года было ўхвалена рашэнне аб стварэнні Народнага руху “За вольныя выбары” і нават абрана яго кіраўніцтва. Гэтае галасаванне дзясяткаў тысячаў прыхільнікаў дэмакратыі валодае на дадзены момант найвышэйшай ступенню легітымнасці. Праўда, некаторыя сябры Рады Руху асудзілі мітынг, які абраў іх, і згубілі маральнае права на месца ў Радзе.

Структура Руху не павінна быць цэнтралізаванай. Яго арганізацыі могуць дзейнічаць як аўтаномна, так і скаардынавана разам з іншымі арганізацыямі. Арганізацыі вылучаюць свае ініцыятывы і каардынуюць дзеянні праз Сеціва. Рада выказвае сваё стаўленне да ініцыятыў арганізацый, вылучае свае ініцыятывы праз Сеціва і дэмакратычныя СМІ.

Адна з асноўных задач руху – агітацыя, стварэнне ў грамадстве атмасферы пратэсту, пераадоленне страху. Формы агітацыі:

а) насценная агітацыя ў форме графіці, карыкатур і іранічных плакатаў. Карыкатуры і тэксты могуць быць распаўсюджаны праз Сеціва, надрукаваны на хатніх прынтэрах у невялікай колькасці і размешчаны на прыпынках транспарту, у пад’ездах, ліфтах, на будынках;

б) вусная агітацыя ў грамадскіх месцах і транспарце;

в) агітацыя ў Сеціве. Яе аб’ектамі могуць быць таксама і прадстаўнікі вертыкалі, выбарчых камісій, сілавых структур і члены іх сем’яў. Яна можа насіць станоўчы альбо адмоўны характар.

Другая асноўная задача – публічныя акцыі. Яны могуць быць лакальнымі, агульнанацыянальнымі і аўтаномнымі. Мэта акцый – публічна прадэманстраваць пратэст, прымусіць рэжым выявіць перад усім светам свой брутальны характар. Напрыклад, маўклівыя акцыі ў чэрвені-ліпені гэтага года не толькі сталі вядомымі ва ўсіх слаях грамадства, але і прадэманстравалі неадэкватнасць беларускіх уладаў. Фармат акцый павінен быць розным і пастаянна мяняцца. Напрыклад, 19 снежня гэтага года, у дзень святога Мікалая, можна было б сабрацца ў 18:00 са свечкамі каля храмаў у буйных гарадах, а ў 22:00 (час пачатку разгону акцыі 19.12.2010 года) заклікаць людзей запаліць свечкі ў вокнах сваіх кватэр…

Рада Руху, валодаючы легітымнасцю, можа выступаць ад імя дэмакратычных сілаў Беларусі ў стасунках з рэжымам і замежнымі арганізацыямі і ўрадамі. Рада павінна давесці да замежных партнёраў Беларусі, што крэдыты беларускай уладзе без эканамічных і палітычных рэформ – гэта рабаўніцтва будучых пакаленняў беларусаў дзеля працягу агоніі рэжыму. Пры пераходзе краіны да дэмакратыі можа паўстаць пытанне аб мэтазгоднасці вяртання гэтых крэдытаў, а таксама рэнацыяналізацыі беларускіх актываў, прададзеных рэжымам.

Дэмакратычныя партыі павінны не толькі выступаць каркасам Руху, але і выконваць свае класічныя функцыі. Маецца на ўвазе ўдзел у бліжэйшых парламенцкіх выбарах, які лічу абавязковым.

Пры адсутнасці прагрэсу ў дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства задачамі ўдзелу дэмакратычных сіл у парламенцкай кампаніі павінны быць: карыстанне легальнымі магчымасцямі для агульнанацыянальнай агітацыйнай кампаніі, правядзенне скаардынаваных акцый пратэсту па ўсёй краіне ў фармаце сустрэч з выбаршчыкамі, збор доказаў фальсіфікацыі выбараў. Няўдзел апазіцыі ў выбарах не з’яўляецца нагодай для іх міжнароднага непрызнання, гэтак жа, як удзел не з’яўляецца нагодай для іх прызнання.

Спадзяюся, што мае прапановы дапамогуць дэмакратычным сілам у выпрацоўцы стратэгіі перамогі.

Заклікаю кіраўніцтва дэмакратычных партый і арганізацый да адказнасці за лёс краіны!

ПК-17, г. Шклоў

На русском языке