Навіны

Тэматыка Усходняга партнёрства будзе ў цэнтры ўвагі Савета міністраў замежных спраў краін ЕС 24 чэрвеня ў Люксембургу

Як паведамляе прэс-служба Савета ЕС, удзельнікі пасяджэння абмяркуюць падрыхтоўку да ліпеньскай сустрэчы міністраў замежных спраў краін Усходняга партнёрства ў Бруселі, а таксама да саміта Усходняга партнёрства, які пройдзе ў лістападзе ў Вільнюсе ў межах старшынства Літвы ў Еўрасаюзе. 

Акрамя таго, у парадак дня пасяджэння Савета міністраў замежных спраў уключаны пытанні аб сітуацыі ў Сірыі, Афганістане, на Блізкім Усходзе і Заходніх Балканах. 

Беларускае пытанне ў парадку дня не значыцца, аднак, як раней паведамляў тэлеканалу “Белсат” віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Яцак Пратасевіч, на пасяджэнні ў Люксембургу можа быць разгледжана пытанне аб вынясенні са спіса неўязных у Еўрасаюз міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Паводле слоў Пратасевіча, адпаведнае рашэнне ўжо падрыхтавана, што, зрэшты, не азначае яго аўтаматычнага прыняцця. Нават аднаго голасу “супраць” дастаткова для блакавання рашэння, падкрэсліў Пратасевіч. 

Пра тое, што візавыя санкцыі ЕС супраць Макея могуць быць зняты ўжо ў чэрвені, паведаміў журналістам 11 чэрвеня і намеснік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас. Паводле яго слоў, прыпыненне санкцый будзе часовым і перыядычна будзе пераглядацца. 

“На самой справе ўнутры ЕС абмяркоўваецца, і дзяржавы-члены набліжаюцца да пагаднення аб тым, што для таго, каб падтрымаць каналы камунікацыі з беларускімі ўладамі, трэба прыпыніць знаходжанне Уладзіміра Макея ў спісе асоб, у дачыненні да якіх прымяняюцца абмежаванні ЕС. Такое прыпыненне магчыма на пэўны перыяд, які Макей будзе займаць пасаду міністра замежных спраў. Тут важна акцэнтаваць, што калі такое пагадненне будзе дасягнута паміж членамі ЕС, то гэтыя меры ў дачыненні да Макея будуць не адкліканы, а менавіта прыпынены”, — сказаў літоўскі чыноўнік. Паводле яго меркавання, прыпыненне абмежаванняў павінна перыядычна разглядацца ў Савеце ЕС адначасова з усім пакетам абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі. 

Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, не стала каментаваць БелаПАН інфармацыю пра тое, ці плануе Савет міністраў замежных спраў краін ЕС на пасяджэнні ў панядзелак абмяркоўваць пытанне пра статус Макея. “На гэты момант магу сказаць наступнае: міністр Макей цяпер знаходзіцца ў спісе і саветам не прымалася ніякіх рашэнняў па змяненні яго становішча ў дачыненні да візавых санкцый і замарожвання рахункаў. Гэты спіс, аднак, перыядычна абмяркоўваецца і пераглядаецца”, — заявіла прэс-сакратар. 

Уладзімір Макей быў унесены ў чорны спіс ЕС у студзені 2011 года як кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, які мае дачыненне да жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года і наступнага пераследу актывістаў апазіцыі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН