2020АктуальнаІнтэрв'ю

Мікалай Статкевіч: Шлях да перамогі – масавы, мірны, працяглы пратэст

Выбары-2020. Галоўная мэта ўдзелу – перамога, заяўляе лідар партыі «Народная грамада» і сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч.

Палітык будзе выстаўляць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкае крэсла. А калі яго не зарэгіструе Цэнтарвыбаркам, то БНК вылучыць яшчэ 30 прэтэндэнтаў у кандыдаты з розных рэгіёнаў Беларусі. Стратэгія ўключае і папярэднюю мэту.

– Зрабіць гэтыя “ціпа выбары” такімі, каб ужо кожная бабуля ў вёсцы і кожны самы карысны дурань на Захадзе зразумелі, што народ Лукашэнку не падтрымлівае, і гэтыя “ціпа выбары” груба сфальсіфікаваныя. Сістэма фальсіфікацыі не ламаецца. Хоць 100% выбарцаў прагаласуюць супраць Аляксандра Лукашэнкі, 85% перамогі ЦВК яму ўсё роўна паставіць, лічыць Статкевіч.

Паводле ягонага меркавання, выбары цікавыя толькі тым, што даюць легальна ладзіць пікеты і мітынгі без дазволаў. Злачынна ігнараваць такія магчымасці.

– Мы можам перамагчы толькі мірным шляхам, толькі праз масавы, мірны, працяглы пратэст. Усе тры кампаненты павінны выконвацца: масавы, мірны, працяглы пратэст.

Згодна са стратэгіяй Беларускага нацыянальнага кангрэсу, пратэст падчас прэзідэнцкай кампаніі ўздыме дзясяткі лідараў па краіне. Нагодай стане адмова Цэнтарвыбаркаму ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча праз яго  судзімасць за ўдзел у Плошчы-2010. Такім чынам, выбары аўтаматычна стануць несумленнымі, гаворыць сустаршыня БНК:

– Галоўная тэма – сумленныя выбары, без удзелу Лукашэнкі, з удзелам Статкевіча, Саннікава ды іншых, хто незаконна абмежаваны ў сваіх выбарчых правах. Для рэалізацыі працяглага пратэсту спачатку трэба абараніць лідараў, даць ім легальную магчымасць праводзіць акцыі, звярнуць увагу на іх. Усё гэта можна зрабіць падаўшы ў ініцыятыўныя групы кандыдатаў з кожнага буйнога горада краіны.

Чальцамі сваёй ініцыятыўнай групы Мікалай Статкевіч называе прыкладна 3500 чалавек, якія пакінулі подпісы ягоным прыхільнікам падчас парламенцкай кампаніі. Палітык сцвярджае, што 30 рэгіянальных лідараў ужо вызначаныя. 5-7 ці болей будуць дзейнічаць у Менску, у іншых гарадах іх будзе ад аднаго да двух:

– Падчас парламенцкай кампаніі мы гэту схему абкаталі. У 20-ці гарадах я правёў мітынгі, там былі нашыя кандыдаты, яны ладзілі агітацыйныя пікеты з вельмі крытычнымі лозунгамі датычнымі Лукашэнкі. Гэтыя людзі гатовыя гэта рабіць і на прэзідэнцкіх выбарах, ёсць людзі з Рады БНК. Магчыма мы аб’явім на некаторыя гарады конкурс „кандыдатаў пратэсту”.

Паводле словаў Статкевіча, „кандыдаты пратэсту” набудуць статус асобы, якая вылучаецца ў прэзідэнты, і адпаведнае права ладзіць пікеты па зборы подпісаў. У кожнага з 30-ці будзе ініцыятыўная група ад 500 да 1000 чалавек. Прытым, што адна асоба можа ўвайсці адразу ў некалькі такіх груп. Першы этап гэтай стратэгіі будзе доўжыцца месяц. Пра другі і трэці этапы сустаршыня БНК абяцае паведаміць пазней. Выбары мусяць адбыцца не пазней за жнівень.

Цалкам гутарку слухайце тут.

Стась Дадэрка

Беларускае Радыё Рацыя