Адказ Следчага камітэта Мікалаю Статкевічу
Позна вечарам 24 сакавіка я быў захоплены групай з чалавек сямі “сілавікоў” у масках і да 27 сакавіка ўтрымоўваўся ў СІЗА КГБ. Пасля без тлумачэнняў быў вывезены за межы горада і выпушчаны на волю. Падчас майго знаходжання ў турме і пасля вызвалення КГБ публічна адмаўляў факт майго захопу, а БТ нават заявіла, што я “недзе хаваўся”.
Пасля вызвалення я зрабіў запіс пра абставіны захопу і ўтрымання ў СІЗА ў кнізе заўваг і прапаноў прыёмнай КГБ. Проста, каб зафіксаваць факт злачынства, бо ілюзій наконт сённяшняга стану законнасці ў краіне я не маю. У запісе патрабаваў прадставіць пісьмовае юрыдычнае абгрунтаванне майго захопу і вызвалення. Альбо ўзбудзіць крымінальную справу па факту выкрадання і незаконнага ўтрымання ў зняволенні. Але гэтыя “барацьбіты за законнасць” не лічаць неабходным нават фармальна выконваць нормы сваіх уласных “законаў”. Адказу я не атрымаў.
Таму мусіў звярнуцца ў Следчы камітэт. Адказ, які прыводзіцца ніжэй, мяне ўразіў. З яго вынікае, што цяпер любога чалавека ў нашай краіне можна нават без фармальных юрыдычных прычын таемна схапіць і таемна ўтрымоўваць у зняволенні. Хлусячы родным, што пра яго месцазнаходжанне “нічога не вядома”. І не трое сутак, як мяне, а колькі заўгодна.
Таемны захоп і таемнае зняволенне без юрыдычных падстаў цяпер не з\’яўляецца не тое што крымінальным злачынствам, але і адміністрацыйным правапарушэннем. Бо калі схопленага чалавека нават вывязуць некуды і выпусцяць, яму трэба яшчэ даказаць, што яго збівалі, катавалі ці яму пагражалі. А заява пра таемнае выкраданне і таемнае зняволенне без юрыдычных падстаў цяпер, згодна з афіцыйным меркаваннем Следчага камітэта, “…не з\’яўляецца заявай пра злачынства”. Цяпер “сілавікам” і такое можна. Прыплылі…
Яны заўсёды пачынаюць такія “новаўвядзенні” з палітычных праціўнікаў. Потым новы метад набудзе масавасць і пачне ўжывацца супраць звычайных абывацеляў. А там дойдзе і да катаванняў. Бо афіцыйна чалавека ў іх няма. І можна рабіць з ім, што заўгодна. Сапраўды, акупацыя нейкая атрымоўваецца. Мо ўжо пара вызваляцца?
Дзень Вызвалення – 3 ліпеня ў 14.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінска.
Уладу – народу!
Жыве Беларусь!
Мікалай Статкевіч, facebook.com
P. S. Скарачэнні КГБ, НКВД, Гестапо і СС на беларускую мову не перакладаюцца.