Актывіста Алега Кероля вызвалілі з суду, але ня выпусьцілі зь міліцыі
14 траўня ў Першамайскім судзе Менску разглядалася справа актывіста «Альтэрнатывы» Алега Кероля, якога затрымалі за плякат салідарнасьці з арыштантамі Акрэсьціна.
У калідоры суду ўдалося ўзяць кароткае інтэрвію ў Алега Кероля, якога напярэдадні арыштавалі непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі пасьля таго, як ён вывесіў на рэклямнай тумбе плякат ў абарону прэвэнтыўна затрыманага напярэдадні хакейнага чэмпіянату Зьмітра Дашкевіча. Вось што пасьпеў распавесьці Алег Кероль пра ноч, якую правёў у пастарунку міліцыі Першамайскага раёну:
«Бэтонная падлога. Холадна, як зімой. Не пакармілі ніводнага разу. У прыбіральню выводзяць нібыта раз на 4 гадзіны, але не дагрукаесься, каб цябе вывелі. Абвінавачваюць мяне ў дробным хуліганстве (нецэнзурная лаянка) і непадпарадкаваньні міліцыі, чаго не было. А насамрэч я вывесіў плякат са словамі «Свабоду Зьмітру Дашкевічу».
На фота: 1. Партрэт Зьмітра Дашкевіча, за які затрымалі Алега Кероля. 2. Акцыя салідарнасьці 13 траўня. Улётка пра Юр’я Рубцова. 3. Улётка пра Андрэя Цянюту.
У судзе супроць актывіста Кероля сьведчылі амапаўцы Жарскі і Бык, якія ўказвалі зусім іншы час і месца затрыманьня актывіста. Алег Кероль хадайнічаў, каб суд праглядзеў запісы відэакамэраў на месцы ягонага затрыманьня, а таксама на будынку Першамайскага РУУС, бо і з часам дастаўкі ў міліцыю таксама быў нязгодны. СудзьдзяЮры Гарбатоўскі адправіўся на вырашэньне гэтых хадайніцтваў і праз паўгадзіны абвясьціў, што адпраўляе справу на дарасьсьледаваньне. У выніку актывіст Алег Кероль быў вызвалены і замест Акрэсьціна, як чакалі журналісты і сябры актывіста, паехаў у міліцыю па асабістыя рэчы. Аднак, паводле сяброў, з управы Першамайскай міліцыі Алег Кероль гэтак і ня выйшаў. Не выключаецца, што міліцыянты пераробяць пратакол, і суд над актывістам адновіцца.
«Сёньня да нас прыйшоў хлопец, пра якога мы ня ведалі. Ён сказаў, што там нашмат больш людзей, пра якіх мы ня ведаем. Прыкладам, яму далі 5 сутак, а затрымалі на вуліцы, калі ён выйшаў паліць», — кажа Ірына Сьмеян-Семянюк.
Малады чалавек перадаў зьвесткі ад Юрыя Рубцова, актывістка з Гомеля, якога затрымалі пасьля Чарнобыльскага шляху за антылукашэнкаўскую майку. Юры Рубцоў працягвае галадоўку пратэсту. Нядаўна яму выклікалі хуткую дапамогу, як паведаміў чалавек, які сядзеў зь ім ў камэры.
Паводле праваабаронцы Ірыны Сьмеян-Семянюк, 14 траўня ў ізалятары на Акрэсьціна не прымалі перадачы для тых вязьняў, каму перадачы прыносілі не сваякі. Раней гэтае абмежаваньне ня дзейнічала, заўважае праваабаронца. Чарговае масавае вызваленьне вязьняў Акрэсьціна чакаецца 16 траўня.