Алег Воўчак: «Выбары» з Лукашэнкам і Ярмошынай бессэнсоўныя

Празрыстасць беларускіх «выбараў» не залежыць ад празрыстасці скрынь.

Днямі кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак закрануў праблемуінфармацыйнага апрамянення людзей у Беларусі і браку альтэрнатыўных каналаў інфармацыі. Таксама ён дзеліцца зcharter97.org сваімі думкамі з нагоды будучых «выбараў» і пераказвае пажаданні і думкі простых людзей з рэгіёнаў.

– На гэтым тыдні я наведваў нашы рэгіянальныя структуры ў Віцебскай вобласці. Першае ўражанне: людзі сталі нашмат больш адукаванымі і шмат што сталі разумець. Яны шукаюць альтэрнатыўную інфармацыю, атрымліваюць яе ў тым ліку праз сайтcharter97.org ды іншыя апазіцыйныя і дэмакратычныя сайты, і бачаць, што напраўду ў краіне адбываецца. Я заўважыў, што калі раней пра палітвязняў было мала інфармацыі, за апошнія паўгода шмат хто пра іх чуў. І асабліва шмат людзі ведаюць пра Мікалая Статкевіча як пра былога кандыдата ў прэзідэнты, які дагэтуль сядзіць у турме з 2010 года. І адчуваецца салідарнасць – людзі ўзлі ягоную мужнасць, трываласць і перадалі праз ваш сайт, бо іншых пляцовак, каб выказацца вольна, у нас практычна няма, што Статкевіч мае падтрымку сярод людзей.

– Што людзі думаюць пра будучыя «выбары»?

– Усе людзі разумеюць, што іх чакае на «выбарах» увосень і нават не разглядаюць такой магчымасці, што ім давядзецца сутыкнуцца з нейкімі дэмакратычнымі працэдурамі. Людзі ўсё ўсведамляюць. Яны схільныя да таго, каб у апазіцыі была адзіная пазіцыя і бачаць адзіным акурат Статкевіча. У такіх варунках улада б яго магла вызваліць і амніставаць, калі б быў масавы ціск.

Вядома, ёсць і тыя, хто выказваюцца супраць: маўляў, вы ж разумееце, гэта юрыдычна непісьменна і няправільна, вылучаць кандыдата, які сядзіць у турме. А я тады ім кажу: а вы мне пакажыце афіцыйны дакумент, дзе кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына атрымала згоду Вярхоўнага Савета ў 1996 годзе на тое, каб стаць старшынёй. Усе маўчаць. Таму я і кажу: мы павінны гуляць паводле сваіх, дэмакратычных правілаў. І патрабаваць, каб Статкевіч быў вызвалены і каб у яго была магчымасць балатавацца на прэзідэнцкі пост.

– Вы асабіста верыце ў тое, што масавы ціск на ўлады дапаможа зрушыць нашу сітуацыю з мёртвага пункту?

– Чым бліжэй да восені, тым больш я пераконваюся ў тым, што патрабаванне вызвалення Статкевіча і байкоту як альтэрнатывы было б выдатнай магчымасцю паўплываць на сітуацыю і дамагчыся вызвалення не толькі Мікалая, але й іншых палітвязняў, на якіх узмацніўся ціск. Цяпер і прадстаўнікі АБСЕ, і дэпутаты іншых еўрапейскіх структур прыязджаюць у Беларусь. Я як праваабаронца таксама гэтае пытанне буду закранаць асабіста.

– Чаму трэба байкатаваць выбары? Ці зменяць нешта празрыстыя скрыні?

– Я думаю, што калі палітвязні застануцца ў турме да «выбараў», то гаворкі пра якія-небудзь «выбары» быць не можа. Гэта бессэнсоўна. Нават у рэгіёнах людзі ўжо разумеюць, што пакуль Ярмошына будзе на гэтай пасадзе і пакуль Лукашэнка будзе вылучацца, ніякіх справядлівых, сумленных і адкрытых выбараў не будзе. Надоечы ў краіне былі прадстаўнікі АБСЕ, і Ярмошына сказала пра тое, што ва ўсіх гарадах будуць празрыстыя скрыні для галасавання. Але ж гэта нічога не вызначыць. Празрыстасць выбараў не залежыць ад празрыстасці скрынь.

Трэба выпусціць усіх палітвязняў, патрэбныя дэмакратычныя працэдуры, каб Лукашэнка не ўдзельнічаў у выбарах і каб прадстаўнікі апазіцыі былі ва ўсіх выбарчых камісіях і, вядома, выбары павінны прайсці без Ярмошынай. Бо на сённяшні момант нідзе няма нават юрыдычнай базы таго, каб дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет у 1996 годзе прызначаў бы яе кіраўніцай Цэнтрвыбаркама. Ад Лукашэнкі ўжо ўсе людзі стаміліся. Ад яго, ад беспрацоўя і ад галечы. Я прыхільнік таго, каб усе сёння прыклалі максімум намаганняў – і апазіцыйныя палітыкі, і праваабаронцы – для вызвалення Статкевіча ды ўсіх палітвязняў.

Нагадаем, ідэю байкоту ўпершыню агучылі былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч і палітвязень Юры Рубцоў. Пазней іх падтрымалі іншыя палітычныя лідэры і актывісты.

Хартыя\’97