Алесь Бяляцкі пра паэзію, планы і Украіну

За кратамі праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі працягвае сваю творчую дзейнасць. Ягоныя эсэ, напісаныя ва ўмовах зняволення, неаднойчы друкаваліся ў перыядычных выданнях “Новы час” і “Народная Воля”, часопісе “Дзеяслоў”, выстаўляліся на інтэрнэт-старонках Праваабарончага цэнтру “Вясна”. 5 навэл пра падзеі канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, надрукаваныя “Народнай Воляй”, увайшлі ў анталогію твораў беларускіх палівязняў«Голас волі з-за кратаў», укладальнік якой Аляксандр Фядута сам правёў у “амерыканцы” больш за тры з паловай месяцы і быў асуджаны па падзеях Плошчы-2010.

З тэкстаў, змешчаных ў асабістым блогу на “Беларускім партызане”, падрыхтавана кніга Алеся Бяляцкага “Іртутнае срэбра жыцця”. На жаль, яе выхад крыху затрымліваецца з пэўных прычынаў, але ў любым выпадку выданне абавязкова пабачыць свет. 

У сакавіку каталіцкі часопіс “Наша вера” выйдзе з нарысам Алеся Бяляцкага “Развагі пра ахвярнасць”, прысвечаным святару Аляксандру Фёдараву, які змагаўся за ўніяцтва.

Але, напэўна, найбольш захапіла Алеся тэма Бабруйску, дзе праваабаронца адбывае пакаранне, гістарычныя падзеі і беларускае жыццё напачатку ХХ стагодззя, звязаныя з ім, і ў першую чаргу – лёсы творчых асобаў гэтага правінцыйнага беларускага гораду.

“Флюіды Бабруйску, астральныя вятры, прасякнутыя і набрынялыя нячутным шэптам, няўцямным шоргатам і няўлоўным водгукам галасоў ранейшых жыхароў гораду ахінаюць наваколле. Бляклыя цені мінулага, здані людзей бяз цела, без пачуццяў і эмоцыяў, як высахлыя цёмна-мядзяныя лісты клёнаў, як залатое лісце бярозаў, як бурая лістота старой вішні сцелюцца, шаргацяць і, падмарожаныя, звіняць на чорным асфальце. Яны паўсюль. Вецер зьбірае, зграбае іх у гурму і развявае, рассыпае, гоніць сцюдзёным подыхам з Беразіны. І сярод іх мільгае мне залатавалосая галава Барыса Мікуліча”, – так пачынаецца новае эсэ Алеся Бяляцкага пра Барыса Мікуліча, беларускага рэпрэсаванага пісьменніка, аўтара шчымлівага дзённіка “Аповесць для сябе”.

Гэтае эсэ яшчэ пішацца, яшчэ ў працэсе, але, як вынікае з апошняй дасланай на днях паштоўкі, цяпер галава занятая іншым: “Пішацца мне пагана – Украіна ў галаве”.

У падобнай сітуацыі сусветнага маштабу ва ўмовах абмежавання інфармацыі, безумоўна, як без паветра. Тут кожны дзень, кожную гадзіну нешта мяняецца, а туды даходзяць хіба што тыднёвыя незалежныя газеты. Магчыма, яны даюць найбольш абагульненую і сціснутую інфармацыю, але сёння асноўная крыніца ўсё ж інтэрнэт.

Ведаю, Алесь дапіша эсэ пра Барыса Мікуліча, ён ужо прадэманстраваў сваю працаздольнасць і самаарганізаванасць. А зараз мне хацелася б даць магчымасць чытачам пазнаёміцца з дастаткова вялікім артыкулам  “Сцяга паэта. Штрыхі да творчага партрэта паэта Эдуарда Акуліна” цалкам. Рэцэнзія Алеся Бяляцкага на творчасць свайго сябра са студэнцкіх гадоў, аднадумца, калегу-музейшчыка і паэта-барда Эдуарда Акуліна друкавалася з працягам з пачатку гэтага 2014 году ў №№ 1-8 газеты “Наша слова”, якія можна знайсці ў інтэрнэце на сайце “Павет”. Цяпер жа для зручнасці прапануецца адзіны PDF-файл.

Гэтая рэцэнзія на том выбраных вершаў “Святая ноч”, у які Эдуард Акулін уключыў найлепшыя на ягоную думку вершы з шасці сваіх папярэдніх арыгінальных зборнікаў, пісалася Алесем Бяляцкім чатыры месяцы, усю вясну 2013 году. Пэўны час пайшоў на набор, аўтарскую рэдактуру падрыхтаванага Алесем артыкула, а таксама пошук месца для публікацыі. І вось рэдактар ТБМаўскай газеты пагадзіўся, нягледзячы на вялікі тэкставы аб’ём.

Газета “Наша слова” мае свайго ўстойлівага чытача, тысячу падпісчыкаў па ўсёй краіне, і чытаюць яе людзі неабыякавыя да беларускакай культуры. У выніку Алесь Бяляцкі атрымаў лісты з добрымі водгукамі на публікацыю ў тым ліку і ад Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, а адная жанчына напісала, што гэта гатовы раздзел да падручніка па найноўшай літаратуры.

Была яшчэ адна публікацыя Алеся Бяляцкага пра творчасць Эдуарда Акуліна – на выдадзены ў 2012 годзе зборнік вершаў “Малітва воч”. У артыкуле “Бой з сабой” ён вызначае Эдуарда Акуліна як “аднаго з найбольш лірычных пачуццёвых і адначасова аднаго з найбольш яркіх публіцыстычных і грамадзянскіх паэтаў у нашай літаратуры”. 

“Я імкнуся адпіхнуцца ад твору ці творчасці таго творцы, якога разбіраю, каб сказаць і нешта сваё. А ў аб’ёме мяне ніхто не стрымліваў, таму я ўжо “спяваў, як салавей”. Чаму я спыніўся на творчасці Эдзіка? Па-першае, таму што раней я ніколі не пісаў пра ягоную паэзію, ніводнай рэцэнзіі на шэсць ягоных зборнікаў. Лічыў, што гэта не зусім ёмка, а зараз, седзячы на зоне, я магу сабе гэта дазволіць. Але аднаго таго, што ён мой сябра, было б, вядома, мала. Проста я сапраўды высока цаню ягоную паэзію, і яна дае добрую магчымасць, каб ад яе можна было адпіхнуцца і паразважаць “на вечныя тэмы”. Праца абсалютна вольнага літаратуразнаўцы, якім я з’яўляюся, з паэзіяй вольнага паэта, які багата намаганняў прыкладае, каб захаваць сваю вольнасць, мае яшчэ і такі вось падтэкст – супраца вольных людзей, хоць адзін з іх і сядзіць за кратамі…” – напісаў Алесь у лісце да каляжанкі Ірыны Пракопчык. І дадаў: “Праца над “Сцягой” падпіхнула мяне да думкі працягнуць пісаць пра беларускую паэзію “тутэйшаўскага” перыяду. Прынамсі, мне вельмі хочацца напісаць пра паэзію Зьніча (хоць ён і старэйшы за нас векам, але ягоны росквіт як паэта прыпадае на той самы час і мае тыя самыя вытокі). Яшчэ пра Анатоля Сыса – напісаць штосьці больш агульнае, чым я пісаў пра яго дагэтуль, пра Алега Мінкіна – гэта таксама выдатнейшы паэт, у нас і не ацэнены адпаведна і нават ужо прызабыты…

Алена Лапцёнак, belaruspartisan.org