Навіны

Алесь Бяляцкі: правы чалавека маюць універсальны характар

Пасля выступу на 28-ай сэсіі Рады па правах чалавека ААН ў Жэневе Алесь Бяляцкі дадаткова пракаментаваў для ПЦ “Вясна” тое, што раскрываў у сваім дакладзе за тры хвіліны.

Алесь Бяляцкі пасьля выступу на Радзе ААН па правах чалавека

“Я выступаў ад імя ўсіх праваабаронцаў света і таму пазначаў найбольш важныя праблемы, якія існуюць для нас. У сваім дакладзе я зрабіў некалькі акцэнтаў.

Па-першае, звярнуў увагу на карысць так званых краінавых мандатаў, г. зн. калі прызначаны спецдакладчыкі па асобных краінах, напрыклад, як зараз па Беларусі спадар Міклаш Харашці. Гэта пытанне – прадмет жорсткіх спрэчак, што цягнуцца ўжо не першы год. Краіны, дзе перманентна парушаюцца правы чалавека, выступаюць катэгарычна супраць выкарыстання гэтага інструмента. А дэмакратычныя краіны і праваабаронцы выступаюць “за”. Таму што, на маю думку, гэта ёсць выдатная магчымасць міжнароднай ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах і правядзенне своеасаблівага маніторынгу. Напрыклад, для Беларусі такі спецдакладчык на працягу года фактычна сочыць за тым, што адбываецца ў краіне, і гэта з’яўляецца пэўным абмежавальнікам узроўня рэпрэсій.

Афіцыйны прадстаўнік ад Беларусі ў сваім выступе завуалявана выказваўся супраць краінавых спецдакладчыкаў, гаворачы пра суб’ектыўны падыход да некаторых пытанняў. Фактычна гэта было накіравана супраць спецдакладчыка па Беларусі. Бачна, што пытанне гэта турбуе ўладу. А значыць пасада працуе. Таму я выказаўся за тое, што пасаду такіх дакладчыкаў ААН неабходна заахвочваць і абараняць.

Па-другое, значную частку выступа надзяліў пераследамякім падвяргаюцца праваабаронцы ў розных краінах свету. Часта пераследы маюць псеўдазаконны характар, таму што выкарыстоўваюцца такія законы, якія абмяжоўваюць дзейнасць праваабаронцаў, крыміналізуюць яе, абмяжоўваюць фінансаванне. У Расіі, да прыкладу, зараз багата праваабарончых арганізацыяў запісваюць у “замежныя агенты”, што надае ім скрайне негатыўнае адценне. Усё гэта робіцца для дыскрэдытацыі праваабаронцаў. Відавочна, што ўлада гэтых краінаў такім чынам спрабуе змагацца з імі ўсімі магчымымі сродкамі і метадамі. Турэмным заключэннем таксама. Вось я сказаў і пару радкоў пра тое, што маё затрыманне і заключэнне было незаконным. Камітэт па правах чалавека прызнаў гэтую незаконнасць і парушэнне майго права на свабоду аб’яднанняў. Але такога кшталту маніпуляцыі ўладам дастаткова цяжка схаваць, калі ўмешваюцца міжнародныя праваабарончыя механізмы.

І па-трэцяе, вельмі часта ўлады тых краінаў, дзе парушаюцца правы чалавека, прыкрываюць гэтыя парушэнні, спасылаючыся на традыцыі, рэлігію, нейкія нацыянальныя каштоўнасці. І гэта абсалютна неправільна. Таму што правы чалавека маюць універсальны характар. У рэшце рэшт гэта стала асновай для падпісання Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і прыняцце іншых праваабарончых міжнародных дакументаў. Да прыкладу, у Расіі зараз актыўна ставіцца пад сумнеў ўніверсальнасць правоў чалавека. Багата гаворыцца пра свой, асобны расійскі шлях, дзе няма месца для правоў чалавека. Я заклікаў Раду па правах чалавека ААН абараняць грамадзянскія супольнасці ў краінах, дзе яны пераследуюцца, і выкарыстоўваць для гэтага ўсе сродкі і магчымасці, якія ёсць у Рады.

Усе гэтыя тэмы вельмі аб’ёмныя, хаця казаць пра іх давялося дастаткова лаканічна. Але было вельмі важна ўсё гэта сказаць”.

Нагадаем, 5 сакавіка віцэ-прэзідэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выступіў на паседжанні 28 сэсіі Рады па правах чалавека ААН, што праходзіць зараз у Жэневе.

spring96.org