Алесь Бяляцкі сустрэўся з дэпутатамі Сейма Польшчы

Ад польскіх парламентарыяў былы палітвязень пачуў словы салідарнасці і падтрымкі.

Намеснік камісіі замежных спраў Сейма Польшчы Роберт Тышкевіч адзначыў, што гэта знакавая дата, калі Польшчу наведаў герой барацьбы за свабоду, паведамляе Polskie Radio.

«20 гадоў таму на выбарах у Беларусі перамог Аляксандр Лукашэнка. За гэты час вырасла цэлае пакаленне, якое не ведае іншай Беларусі, акрамя такой, якая ёсць сёння. Таму важна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, прарываць ізаляцыю. Мы адзначаем, што гэтая падтрымка павінна быць цярплівай і паслядоўнай. Усе дэпутаты, нягледзячы на партыйную прыналежнасць, выказвалі падтрымку для ўсіх дэмакратычных ініцыятываў на карысць дэмакратыі ў Беларусі», – сказаў Роберт Тышкевіч.

Алесь Бяляцкі падкрэсліваў, што для беларускага грамадства вельмі важная падтрымка дэмакратычных дзяржаў-суседзяў. Праваабаронца сустрэўся сёння ў Варшаве з журналістамі і грамадскімі дзеячамі. Ён адзначыў падтрымку беларускіх медыя-праектаў, асабліва тых, якія фінансуюцца Польшчай. Праваабаронца казаў таксама, што ў краіне пад кіраўніцтвам Лукашэнкі ён можа зноў трапіць за краты.

Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня паводле амністыі, ён правёў у зняволенні 1.050 дзён. Лідар ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Хартыя\’97