Алесь Бяляцкі: Вельмі важна, каб тое, што было напісана палітычнымі зняволенымі і рэпрэсаванымі грамадска актыўнымі людзьмі, бачыла свет

15 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні. У 1981 г. гэты дзень быў абвешчаны міжнародным ПЭН-клубам ў падтрымку пісьменнікаў, якія знаходзяцца за кратамі, але не гледзячы на гэта супрацьстаяць парушэнням права чалавека на свабоду меркавання і распаўсюду інфармацыі.

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначае, што Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні важны і надзённы для ўсёй беларускай літаратуры, таму што на працягу ўсяго існавання новай беларускай літаратуры нашыя літаратары займалі актыўную грамадскую і палітычную пазіцыю. Яны бралі ўдзел у драматычных падзеях нашай гісторыі як грамадзяне, жадалі беларусам волі і годнага жыцця, змагаліся за тое, каб беларусы маглі “людзьмі звацца”. Дастаткова паглядзець на знакамітыя асобы ў беларускай літаратуры 19 стагоддзя (В. Дунін-Марцінкевіч, К.Каліноўскі, Ф. Багушэвіч), каб ўбачыць, што кожны з іх ці прайшоў праз турму, ці выпадковым чынам пазбегнуў яе.

Драматычная, а часам і трагічная гісторыя беларускай літаратуры за кратамі працягнулася і ў 20-м стагоддзі. Шмат хто з беларускіх літаратараў сядзеў у царскіх (Якуб Колас, Алесь Гарун, Карусь Каганец ды іншыя), бальшавіцкіх ( Францішак Аляхновіч, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны ды сотні іншых) і польскіх (Максім Танк, Піліп Пястрак, Сяргей Новік-Пяюн ды іншыя) турмах. У 30-я гады беларуская літаратура была амаль знішчаная разам з беларускімі пісьменнікамі. Багата хто з пісьменнікаў быў забіты ў турме ці замучаны ў ГУЛАГу.

Ларыса Геніюш, Лявон Случанін, Тодар Лебяда, Сяргей Грахоўскі, Барыс Мікуліч ды дзесяткі іншых беларускіх пісьменьнікаў – вязьні пасляваенных сталінскіх лагероў.

“Мы бачым, як у 90-х гадах 20 стагоддзя гэтая сумная традыцыя знаходжання літаратараў у турме аднавілася. У 1998 годзе за кратамі апынуўся Славамір Адамовіч. І ў наступныя гады таксама шмат хто з грамадскіх, палітычных актывістаў у турме ці працягнуў свае літаратурныя практыкаванні ці пачаў пісаць. Варта ўзгадаць эсэ, якія былі напісаныя Паўлам Севярынцам, апавяданні і аповесць, напісаныя Зміцерам Дашкевічам, дзённікавыя запісы Анатоля Лябедзькі, Юрыя Бандажэўскага, вершы і паэмы Ўладзіміра Някляева, эсэ і вершы Аляксандра Фядуты, успаміны Ігара Аліневіча, Андрэя Саннікава, Ірыны Халіп. Я тут не стаў выключэннем. Апынуўшыся ў беларускай турме і маючы там вялікія абмежаванні для іншай дзейнасці, я выкарыстаў гэты час для пісання”.

 

За амаль тры гады, якія Алесь Бяляцкі правёў у зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць, ён напісаў некалькі соцень старонак розных тэкстаў. Пісаў эсэістыку – успаміны пра грамадскае жыццё ў перыяд новага адраджэння (80-я – 90-я гады), у якіх ён браў актыўны ўдзел, і літаратуразнаўчыя артыкулы, эсэ, прысвечаныя беларускай літаратуры і месцу Беларусі ў свеце. Некаторыя з гэтых тэкстаў з’явіліся ў інтэрнэце, друкаваліся ў часопісе “Дзеяслоў”, газеце “Новы час”. За гэты ж час, дзякуючы сябрам Алеся Бяляцкага, былі выдадзены тры ягоныя кнігі, у якія ўвайшлі і творы, напісаныя ў турме.

Алесь Бяляцкі кажа, што за кратамі яму пісалася дастаткова лёгка:

“У маёй галаве было багата тэмаў і я ведаў пра што пісаць. Я не паспяваў адпісвацца, бо не хапала вольнага часу. Найперш мусіў займацца тымі праблемамі, якія ўзьнікаюць перад кожным вязнем, які апынаецца ў турме. Я працаваў у швейным цэху, пакаваў рэчы, якія шылі зняволеныя. Кожны дзень у мяне заставалася гадзіна-паўтары вольнага часу. І я звычайна стараўся яго патраціць менавіта на пісанне. Я запісваў тое, што выспявала ў маёй галаве за дзень. Таму так атрымалася, што за тры гады аб’ём гэтых тэкстаў апынуўся не маленькі. Гэта ўсё праходзіла турэмную цэнзуру і перасылалася звычайнаю поштаю, проста ў канвертах маім калегам, якія расшыфроўвалі і набіралі гэтыя тэксты. Потым ў розным выглядзе яны выдаваліся. Такім чынам, была вось такая адваротная сувязь, чым сённяшняе сядзенне моцна адрозніваецца ад таго, як сядзелі беларускія пісьменнікі ў 30-40-х гадах — амаль усе мае тэксты не зніклі, яны засталіся і загучалі на волі”.

Як адзначае праваабаронца, знаходзячыся ў інфармацыйнай ізаляцыі ў турме, менавіта пісанне можа быць нейкім выйсцем, дапамагаць трываць зняволенне, і падкрэслівае:

“Важна вельмі, каб тое, што было напісана палітычнымі зняволенымі і грамадска актыўнымі людзьмі, якія пацярпелі рэпрэсіі, бачыла свет, каб друкавалася. І я думаю, важна думаць пра нейкую бібліятэчку беларускай турэмнай літаратуры, дзе мы маглі б сабраць творы тых пісьменнікаў, якія пісалі ў турме і пра турму. Гэтая бібліятэчка магла бы быць такой маральнай школай і маральным прыкладам для многіх беларусаў і наступных пакаленняў, як у вельмі цяжкіх умовах людзі ўсё ж такі захоўваюць здольнасць мысліць, сваю годнасць і чалавечае “Я”. Таму асэнсаванне гэтай спадчыны мусіць у нас ячшэ адбыцца.

І што самае сумнае ў сёняшней сітуацыі грамадскай і палітычнай нестабільнасці, фактычна такой ціхай вайны, якую дзяржава праводзіць з беларускай дэмакратычнай грамадзянскай супольнасцю, нельга гарантаваць таго, што ў нас зноў не з’явяцца палітвязні, якія зноў жа будуць пісаць літаратурныя творы, знаходзячыся ў зняволенні. Раздзел беларускай турэмнай літаратуры пры сённяшней аўтарытарнай уладзе яшчэ не зачынены”.

spring96.org