Навіны

Аляксандр Францкевіч: Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў разгружаецца ад затрыманых

Былы палітвязень Аляксандр Францкевіч 20 мая вызваліўся з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску пасля 25-сутачнага арышту.

Яго прыйшлі сустракаць прыкладна два дзясяткі чалавек, у тым ліку сябры, сваякі, праваабаронцы і журналісты. У 18.40 маці актывіста здолела датэлефанавацца ў ЦІП, дзе ёй паведамілі, што Аляксандр ужо выйшаў на волю.

У 19.20 удалося па тэлефоне пагутарыць з самім Францкевічам, і ён паведаміў, што з ЦІП яго адвезлі ва УУС Савецкага раёна, пасля чаго адпусцілі.

Актывіст быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў вечарам 25 красавіка, напярэдадні традыцыйнай акцыі апазіцыі «Чарнобыльскі шлях», калі вяртаўся з працы дадому. 28 красавіка суд Савецкага раёна Мінска прыгаварыў яго да 25 сутак арышту нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы.

Арышты Францкевіча і іншых грамадскіх актывістаў праваабаронцы назвалі прэвентыўнымі — такім чынам, на іх думку, улады імкнуліся пазбегнуць магчымых акцый пратэсту падчас чэмпіянату свету па хакеі. Паводле звестак праваабаронцаў, напярэдадні і падчас чэмпіянату ў Мінску было затрымана больш як 30 грамадскіх актывістаў.

Францкевіч быў прызнаны палітвязнем пасля таго, як у маі 2011 года яго асудзілі па гэтак званай справе анархістаў. Францкевіч і яшчэ чацвёра актывістаў анархісцкага руху былі прызнаныя вінаватымі ў злосным хуліганстве і наўмысным знішчэнні маёмасці (правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Мінабароны ў 2009 годзе, а таксама закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства Расіі ў Мінску і будынка цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе). Апрача гэтага, Францкевіч быў прызнаны вінаватым у несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі, камп`ютарным сабатажы і распрацоўцы, выкарыстанні або распаўсюджванні шкодных праграм. Суд прыгаварыў Францкевіча да трох гадоў пазбаўлення волі. У пачатку верасня 2013 года ён выйшаў на волю.

spring96.org