Міліцыя адвезла Юрыя Рубцова на чыгуначны вакзал

Жыхар Гомеля Юрый Рубцоў быў вызвалены з мінскага ЦІП 21 мая. Міліцыя яго адвезла на чыгуначны вакзал і там адпусціла. «Майку ў мяне забралі і не вярнулі, зараз паспрабую неяк дабірацца да Гомеля», – паведаміў па тэлефоне Юрый Рубцоў. Больш пакуль падрабязнасцяў няма, бо жыхар Гомеля папрасіў на хвілінку тэлефон у выпадковага мінака.

Нагадаем, следчы камітэт Савецкага раёна Менска праводзіць праверку па факце абразы жыхаром Гомеля Юрыем Рубцовым суддзі Кірылы Палулеха.

Пасля традыцыйнага масавага мерапрыемства “Чарнобыльскі шлях”, на якім Рубцоў прысутнічаў у майцы з надпісам “Лукашэнка, сыходзь!”, актывіста затрымалі супрацоўнікі міліцыі. 28 красавіка суддзя суду Савецкага раёна Мінска Кірыл Палулех вынес рашэнне пакараць Рубцова арыштам на 25 сутак за “непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы” і “дробнае хуліганства”, згодна са складзенымі пратаколамі. На суд Юрыя Рубцова прывезлі напаўголага, без кашулі, якую канфіскавалі пры затрыманні. Пад час разгляду адміністратыўнай справы, абураны несправядлівым правасуддзем, Рубцоў нібыта прамовіў у бок суддзі: “Падонак”.

Па выніках праверкі стане вядома, ці будзе супраць актывіста ўзбуджаная справа.

spring96.org