Андрэй Саннікаў: Захад гуляе ў небяспечную гульню з Лукашэнкам
Усялякая падтрымка дыктатара падрывае не толькі незалежнасць і дэмакратыю Беларусі, але і бяспеку Еўропы.
– На гэтым тыдні Беларусь наведаў міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў. Як вы ацэньваеце гэты візіт?
– Для мяне відавочна, што на сустрэчы абмяркоўвалася супрацьдзеянне NATO. Пра гэта наўпрост казалася і ў прэсе. Дзеянні Расеі перад самітам NATO ў Варшаве актывізаваліся.
Абодва міністры, Расеі і Беларусі, казалі пра пагрозу, якая зыходзіць з боку Арганізацыі Паўночнаатлантычнага альянсу і аб адзінстве поглядаў у пытаннях замежнай палітыкі. Зразумела для мяне і тое, што Масква пры гэтым рэжыме будзе ўсё больш уцягваць Беларусь у гэтае супрацьстаянне.
Будзе і працяг гэтага візіту. У пачатку чэрвеня Уладзімір Пуцін павінен прыбыць у Беларусь, дзе пройдзе так званы форум рэгіёнаў Расеі і Беларусі. Думаю, што там таксама будзе ісці гаворка пра пагрозу з боку NATO, якой Расея і Беларусь нібыта павінны супрацьстаяць разам.
– Як вы думаеце, Расея можа мець нейкія новыя планы ў дачыненні да Беларусі? У прэсе з\’яўляюцца здагадкі, што кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў мог спрабаваць пераканаць Менск пагадзіцца на новую вайсковую базу Расеі ці размяшчэнне «Іскандэраў»?
– А навошта патрэбная база? У гэты момант гэта было б нявыгадна для Лукашэнкі. Ён цяпер шукае грошы на Захадзе, спадзяецца, што іх атрымае, бо эканамічная сітуацыя вельмі дрэнная. Такім чынам, цяпер ён не будзе казаць пра расейскія базы ў Беларусі.
Узнікае пытанне, навошта наогул трэба абвяшчаць аб расейскіх базах, калі вайсковае супрацоўніцтва Расеі і Беларусі і так стала ўмацоўваецца. Бесперапынна праходзяць вучэнні. У верасні будуць праведзеныя супольныя вучэнні дэсантных войскаў Беларусі ды Расеі. Узброеныя сілы Расеі і Беларусі знаходзяцца паміж сабой у бесперапыным кантакце. У Беларусі ёсць вайсковая інфраструктура, якой Расея можа ў кожны момант скарыстацца.
Таму магчыма, што тэма новай базы ў Беларусі падкідваецца для таго, каб шантажаваць Захад, вымагаючы крэдыты. Я перакананы, што гэта ўзгоднена з прэзідэнтам Пуціным… Такое фармальнае стварэнне базы не з\’яўляецца патрэбным, бо вайсковае супрацоўніцтва паміж Расеяй і Беларуссю вельмі шчыльнае.
– Нядаўна беларуская апазіцыя апублікавала «Дэкларацыю ў падтрымку незалежнасці Беларусі». Гаворка ў ёй ідзе пра тое, што суверэнітэт Беларусі знаходзіцца пад пагрозай. Вы таксама падпісалі гэты дакумент.
Ці можаце вы сказаць, у чым яго сэнс? Ці з\’яўляецца гэта рэакцыяй на цяперашнюю геапалітычную сітуацыю, на бягучыя падзеі ці гэта вынік працэсаў, якія доўжацца цягам многіх гадоў?
– Гэта звязана з цяперашняй сітуацыяй. Агрэсія Расеі ва Украіне прадаўжаецца. Расея дэманструе агрэсіўную пазіцыю і ў іншых частках свету, напрыклад у Сірыі. Беларусь знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Расеі, а цяперашні рэжым цалкам залежыць ад Масквы – гэта стварае пагрозу незалежнасці краіны.
Акрамя таго, мы ведаем, што Будапешцкі мемарандум пацярпеў крах пасля расейскай агрэсіі ва Украіне. Таму я мяркую, што гэтая Дэкларацыя з\’яўляецца важным дакументам, які з\’явіўся ў патрэбны момант. З\’явіўся ён напярэдадні гадавіны Канстытуцыі 1994 года, якая пазней была знішчаная.
Гэта свайго кшталту сігнал дэмакратычнага свету, заходнім краінам, якія ў розны час праводзілі розную палітыку ў дачыненні да Масквы і краін Усходняй Еўропы. Нездарма ў дакуменце згадваецца, што Захад не прызнаў анэксію балтыйскіх дзяржаў, і гэта дапамагло ім у барацьбе за свабоду. Згадваецца там таксама парушэнне Будапешцкага мемарандума, што моцна ўскладніла сітуацыю Беларусі. Пагроза незалежнасці Беларусі ўзрасла.
Гэта заява тых людзей, якія ўважаюць самастойнасць і незалежнасць нашай дзяржавы за найвышэйшую каштоўнасцю.
– Навошта менавіта цяпер выступаць з гэтаю Дэкларацыяй?
– У Дэкларацыі падкрэсліваецца, што самастойнасці ды незалежнасці Рэспублікі Беларусь сёння пагражае падвойная небяспека – гэта агрэсіўная палітыка Крамля і незаконны рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Захад сёння зноў вядзе небяспечную гульню з Аляксандрам Лукашэнкам, тым самым дапамагаючы дыктатару дамагацца прызнання ягонага рэжыму. У пачатку размовы вы пыталіся пра візіт міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова ў Менск, дык вось, складваецца ўражанне, што Захад ўключыўся ў нейкую барацьбу за Лукашэнку, а не за свабодную Беларусь.
Дзеянняў, якія падтрымлівалі б незалежнасць Беларусі і дэмакратычныя сілы ў Беларусі, з боку Захаду амаль няма. У той жа час прадаўжаецца канкурэнцыя за ўвагу дыктатара, які ані не з\’яўляецца партнёрам дэмакратычнага свету.
На мой погляд, гэта вельмі небяспечная гульня, якая можа прывесці да паслаблення нашай незалежнасці і да яшчэ большага падначалення Беларусі Крамлю, не буду тут выкарыстоўваць іншыя тэрміны.
Таму ў гэты момант мы выступілі з Дэкларацыяй – бо менавіта з Аляксандрам Лукашэнкам Захад ізноў вядзе перамовы. Гэта было ўжо не раз і нязменна прыводзіла да катастрафічных наступстваў і для Беларусі, і для Еўропы. Менавіта таму мне не падабаецца тое, што я цяпер назіраю.
– Думаю, не толькі вам гэта не падабаецца.
– Я выказваю свой пункт гледжання. Дзіўна слухаць думкі, што, калі «парламенцкія выбары» пройдуць мірна, то Аляксандр Лукашэнка будзе прызнаны міжнароднай супольнасцю (восенню 2016 года). У нас няма сапраўдных выбараў. А прызнаваць дыктатара толькі за тое, што на «выбарах» не будуць збіваць беларускіх грамадзян – гэта нецывілізавана.
Мне не падабаецца і тое, што цяпер плануюцца яго візіты ў Еўропу, напрыклад, найбліжэйшы пройдзе ў Італіі. Такім чынам, Еўропа дапамагае зняць з рэжыму адказнасць за яго шматгадовую злачынную дзейнасць.
Усялякая падтрымка дыктатара падрывае не толькі нашую незалежнасць і дэмакратыю, але і бяспеку Еўропы.
– Апазіцыя спрабуе зрабіць штосьці ў гэтай сітуацыі. Мы адзначылі прынятую Дэкларацыю, але прайшло таксама першае пасяджэнне Беларускага нацыянальнага кангрэса. «Еўрапейская Беларусь», дзе вы лідар, таксама далучылася да кангрэсу. Як вы ацэньваеце гэтую ініцыятыву?
– Я думаю, што гэта адзін з крокаў да мэты. Цяпер, што больш важна, праходзяць сустрэчы апазіцыі, на якіх абмяркоўваюцца агульныя падыходы да выбарчай кампаніі.
Беларускі нацыянальны кангрэс з\’яўляецца адным з крокаў на шляху да кансалідацыі. З лідарамі Кангрэсу сустракаюцца і тыя палітычныя групы, якія не бралі ў ім удзелу. Думаю, што гэта добра, і такім чынам можна паспрабаваць дасягнуць рэальнага аб\’яднання.
У той жа час не зусім зразумела, навошта чыноўнікі Захаду, прыязджаючы з візітамі, часам спрабуюць штучна далучыць (да працэсу аб\’яднання) групы, якія напраўду не з\’яўляюцца апазіцыяй, а прадстаўляюць, фактычна, Аляксандра Лукашэнку і КДБ.
– А чаго чакалі б дэмакратычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць ад Захаду? Як іх можна падтрымаць у такім цяжкім становішчы? У дакументах кангрэса была прадстаўленая вельмі складаная сітуацыя – русіфікацыя, ціск на апазіцыю.
– Галоўнае пытанне – палітычная воля. На жаль, дагэтуль яе не відаць. А цяпер Еўропа мае ў сваіх руках самы эфектыўны інструмент, каб ціснуць на Лукашэнку – гэта грошы, у якіх мае патрэбу дыктатура на падтрыманне свайго існавання.
Увесь час я прапаную адзін просты прынцып: адзін насустрач рэжыму – два крокі ў падтрымку апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
На жаль, гэтага не адбываецца – я бачу збліжэнне з рэжымам, кантакты з ім і маргіналізацыю апазіцыі з боку заходняй дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці, незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
Аўтарытарны рэжым не можа быць партнёрам для дэмакратычнай Еўропы, не можа ім быць Лукашэнка. У той жа час у Беларусі магчымыя перамены. Еўропа павінна быць гатовая да гэтых пераменаў, а не спрыяць умацаванню дыктатуры. Мы ведаем, як усё гэта скончылася ва Украіне, дзе спрабавалі дзейнічаць такім чынам.
З Андрэем Саннікавым гутарыла Агнешка Камінская, PolskieRadio.pl