Апазыцыйныя кандыдаты выклікалі ў ЦВК "спакойнае абурэньне"

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў, што асабіста прысутнічаў на Кастрычніцкай плошчы падчас акцыі.

“Акцыя прайшла спакойна, безь нейкіх вялікіх наступстваў для грамадзянаў, для жыхароў гораду. Ніякага буянства я не заўважыў. Акцыя была зусім нешматлюдная. Паводле маіх ацэнак, там было каля 200—300 чалавек. Калі крычалі свае скандоўкі ўдзельнікі гэтай акцыі, то крычала якраз палова натоўпу. То бок другая палова — гэта проста разявакі або сьведкі, такія самыя, як і я”.

Спадар Лазавік кажа, што ў ЦВК выклікае “спакойнае абурэньне” тое, што “груба парушана выбарчае заканадаўства, бо мерапрыемства праводзілася не ў дазволеным месцы”. Таму будзе “адпаведная рэакцыя” ЦВК. Гэта адзінае пэрсанальнае пытаньне, якое ўключана ў парадак дня пасяджэньня Цэнтральнай камісіі 30 лістапада. Рашэньне будзе прымаецца калегіяльна, а “выбар санкцый невялікі: альбо папярэджаньне, альбо адмена рэгістрацыі”. Якіх кандыдатаў будзе тычыцца гэтае пытаньне? На гэта спадар Лазавік сказаў:

“Тры ўдзельнікі там былі, якія актыўна выступалі і зьяўляюцца галоўнымі дзейнымі асобамі гэтага мерапрыемства”.

Спадар Лазавік мае на ўвазе Віталя Рымашэўскага, Міколу Статкевіча і Ўладзімера Някляева. Спадар Рымашэўскі, які сёньня бярэ ўдзел у шэрагу пікетаў у Менску, так адрэагаваў на закіды з боку Цэнтравыбаркаму:

“Галоўнае, каб не прымянілі санкцыі, якія былі прымененыя да Ганчара, да Захаранкі. Усё астатняе мы перажывём. Таму я абсалютна спакойна стаўлюся да таго, што будзе рабіць ЦВК. Мяне мала турбуе і цікавіць, што б яны ні прымалі. Што мяне цікавіць і што насамрэч важна — гэта праца зь людзьмі. Я вельмі ўдзячны тым, хто мяне падтрымлівае, тым людзям, якія выйшлі ўчора на плошчу на наш заклік. У гэтых людзей я веру і яны для мяне важныя. А гуляць у гэты перадвыбарчы фарс — гэта значыць гуляць на баку дыктатуры”.

Мікола Статкевіч сёньня займаўся падрыхтоўкай сваёй праграмы для друку ў газэтах, складаньнем біяграфіі, разьмяшчэньнем улётак. Адносна рэакцыі ЦВК на ўчорашнюю акцыю на плошчы спадар Статкевіч сказаў:

“Яны там нічога не разглядаюць. Разглядае іх гаспадар. Яны там блазны ў гэтым балагане. І скажуць тое, што ім скажуць. А што я буду перажываць за Лукашэнку? Няхай ён думае, што рабіць. Я буду — у статусе кандыдата ці не — працягваць рабіць усё, каб у Беларусі былі выбары. Я зараз маю мандат 118 тысяч выбарцаў, якія мяне вылучылі кандыдатам у прэзыдэнты, і я іх спадзеў апраўдаю. Я атрымаў магчымасьць зьвярнуцца да мільёнаў людзей. Буду тлумачыць, каб кожная бабуля ведала, што на выбарах дураць, як дураць і што прэзыдэнт не сапраўдны”.

Уладзімер Някляеў сёньня заплянаваў шэраг сустрэчаў з выбарцамі ў Магілёве. Спадар Някляеў кажа, што падчас акцыі на Кастрычніцкай плошчы за сябе не агітаваў, а агітаваў за дэмакратыю. Таму ён адхіляе магчымыя прэтэнзіі з боку ЦВК:

“Калі б вы мне далі тыя самыя магчымасьці на тэлебачаньні, на радыё, у дзяржаўных газэтах, як і кандыдату Лукашэнку, то навошта мне была б гэтая плошча? Ён жа ня ходзіць на плошчу, бо яму без патрэбы. І так паўсюль танцуе. Дык вось, калі вы створыце аднолькавыя ўмовы для ўсіх кандыдатаў, тады выступайце з аднолькавымі патрабаваньнямі. Але ж гэтага нямашака. Таму мы ўсяляк шукаем магчымасьці сустрэцца з выбарцамі і хоць нешта распавесьці пра сваю праграму, пра свае намеры. Чаго, яшчэ раз паўтараю, на гэтай плошчы не было. То бок парушэньня з боку кандыдата Някляева я ня бачу”.

“Радыё Свабода”, Алесь Дашчынскі