Апазыцыянэры клічуць на сход супроць расейскай авіябазы
Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і шэрагу грамадзкіх арганізацыяў заклікалі беларусаў на сход супроць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай вайсковай базы. Сход заплянаваны на 4 кастрычніка.
«Дамова аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай ваеннай базы можа быць падпісаная ў бліжэйшым часе. Гэта згубны крок, які можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам, здрада народу і краіне», — сказана ў заяве над назвай «За Беларусь без чужых вайсковых базаў».
Заяву падпісалі былыя кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка.
Уладзімер Някляеў трымае ў руках падпісаную заяву
Далучыцца да заявы далі згоду таксама сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец і актывісты «Маладога фронту», прадстаўнікі беларускай жаночай партыі «Надзея».
Падпісанты заявы лічаць, што разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі іншаземнай вайсковай базы супярэчыць 18 артыкулу Канстытуцыі Беларусі, паводле якой Беларусь імкнецца да нэўтралітэту. Паводле аўтараў ініцыятывы, Аляксандар Лукашэнка «не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, ня мае права падпісваць дакумэнты і прымаць рашэньні, якія вызначаюць лёс беларускага народу».
Народны сход супроць расейскай вайсковай базы прапанавана правесьці ў рамках выбарчай кампаніі 4 кастрычніка 2015 году ў Менску на плошчы Свабоды а 17-й гадзіне.
Паводле падпісантаў, тэкст заявы «За Беларусь без чужых вайсковых базаў» будзе зьмешчаны ў інтэрнэце і дасланы ў дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку ў Мінабароны і Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас абмеркаваньня заявы
Уладзімер Някляеў гэтак пракамэнтаваў пагрозу зьяўленьня расейскай авіябазы ў Беларусі:
«Уявіце сабе, што тут разьмяшчаецца расейская вайсковая база. Там разьмяшчаецца гарнізон. Прычым у дамове, у тым выглядзе, які яна мае сёньня, не сказана ні колькі там павінна быць вайскоўцаў, ні якое там павінна быць узбраеньне, наагул не апісаны парадак увядзеньня войскаў і іх вываду. Адно сказана, што база не падлягае ніякім рэвізіям. Значыць, там можна рабіць што заўгодна. У тым ліку ў час „Ч“ скарыстаць сытуацыю і зрабіць тое, што зрабілі расейскія войскі, маючы базу ў Крыме ва Ўкраіне. Калі б гэта не было зроблена ва Ўкраіне, можна было б сказаць, што вось Някляеў зноў палохае народ. Але гэта было зроблена. Ёсьць вайна ва Ўкраіне, ёсьць агрэсія — і што ж мы робім выгляд, седзячы як мышы пад венікам, што нас гэта ні ў якім разе ня можа датычыць: Можа».
Мікалай Статкевіч, падпалкоўнік у адстаўцы, прафэсійны адмысловец у пытаньнях супрацьпаветранай абароны, гэтак вызначыў вайсковыя мэты Расеі ў зьвязку з базай на тэрыторыі Беларусі:
«З базы ў Бабруйску вельмі зручна наносіць удар па Кіеве, з поўначы. Гэта вельмі кароткі шлях. Да беларуска-ўкраінскай мяжы наўпрост кілямэтраў 150, а там недалёка і да Кіева. Акрамя таго, украінская супрацьпаветраная абарона не рыхтавалася, не будавалася для адбіцьця пагрозы з поўначы. Гэта страты на пабудову сховаў, перамяшчэньне тэхнікі і гэтак далей. Акрамя таго, гэта можа быць пагрозай для войскаў Польшчы, краінаў Прыбалтыкі і НАТО, якія разьмешчаныя ў гэтых краінах. І натуральна, што калі выдзяляецца гэтак званы нарад сілаў і сродкаў Расеяй па пэўных мішэнях на тэрыторыі гэтых краін, дык яны таксама абавязаны вылучыць „нарад“ на аб’ектах, якія ім пагражаюць. То бок проста будзе эскаляцыя, ваеннае напружаньне побач з нашымі межамі. А калі ідзе такая эскаляцыя, тады імавернасьць ваеннага канфлікту павялічваецца».