Навіны

Арцём Пракапенка напісаў прашэнне аб памілаванні

Арцём Пракапенка ужо два месяцы чакае вызвалення па памілаванні.

Як паведаміў Анатоль Пракапенка ПЦ “Вясна”, яго сын – Арцём Пракапенка – ужо два месяцы чакае вызвалення па памілаванні. Яшчэ ў лютым 2015 года палітзняволены накіраваў прашэнне аб памілаванні прэзідэнту краіны. Раней А.Лукашэнка публічна неаднаразова абяцаў вызваліць палітвязняў у выпадку напісання такога дакумента, але А. Пракапенка да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні.

У турму малады чалавек патрапіў у 20 гадоў і на яго істотна паўплывала пенітанцыярная сістэма: мала камунікаваў са знешнім светам, амаль не пісаў лістоў, працаваў у калоніі №15 г.Магілёва.

Бацькі Арцёма цягам двух гадоў прасілі сына напісаць прашэнне аб памілаванні, каб вызваліць сына, аднак палітвязень адмаўляўся ад такога кроку. У лютым ён пад ціскам бацькоў усё ж напісаў прашэнне, але два месяцы ніякай рэакцыі няма.

Павел Сырамолатаў, якога судзілі разам з Арцёмам, напісаў заяву аб памілаванні ў 2012 годзе і быў вызвалены ў тым жа годзе. Акрамя таго, па працэдуры памілавання былі вызваленыя больш за 30 палітвязняў, сярод якіх Павел Вінаградаў, Андрэй Саннікаў, Дзмітрый Бандарэнка, Дзмітрый Ус і іншыя. Але толькі частка з іх прасіла пра памілаванне.

Нагадаем, Арцём Пракапенка знаходзіцца ў зняволенні з 17 студзеня 2011 года. Ён асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму судом Бабруйскага раёна і г. Бабруйска па ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) і ч.3 арт.218 КК (пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры). Па справе Арцём праходзіў разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамолатавым.

Праваабаронцы прыйшлі да высновы аб няслушнасці кваліфікацыі крымінальнай справы і непрапарцыйнасці пакарання па палітычных матывах, хаця не віталі такую форму пратэсту маладога чалавека.

spring96.org