Яўген Васьковіч сустрэўся ў турме з бацькамі

Палітвязьню Яўгену Васьковічу, які адбывае пакараньне ў магілёўскай папраўчай калёніі № 15, дазволілі 17 ліпеня сустрэчу з бацькамі і бабуляй.

Яўген Васьковіч нарадзіўся ў Бабруйску 26 лютага 1990 года ў сям’і рабочых. Вучыўся завочна на журналісцкім аддзяленьні філялягічнага факультэту Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Працаваў у газэце «Бобруйский курьер». У траўні 2011 году Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 году будынку Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумесьсю.

Яўгену перадалі 30 кіляграмаў прадуктаў і сродкаў гігіены. З кніг дазволілі толькі Біблію ў перакладзе на беларускую мову ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага, адзначыў каардынатар аргкамітэту БХД па Менскай вобласьці Павал Пракаповіч.

Наступнае дзьвюхгадзіннае спатканьне Яўгена Васьковіча са сваякамі дазволенае ў жніўні.

Паводле маці, Яўген выглядае больш-менш — лепш, чым раней, — і перадае ўсім прывітаньне.

18 траўня 2011 году Яўген Васьковіч асуджаны на сем гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым яго абвінавацілі ў спробе падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 году будынку КДБ у Бабруйску, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумесьсю. Хлопцаў судзілі паводле артыкулаў за злоснае хуліганства і наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйных памерах.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» лічыць Васьковіча палітвязьнем.

Радыё Свабода