Армія Украіны пачынае маштабную антытэрарыстычную аперацыю

Да правядзення аперацыі на ўсходзе Украіны прыцягнуць вайскоўцаў.

Пра гэта заявіў у сваім звароце спікер Вярхоўнай Рады, в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў. Ён адзначыў, што Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняла пастанову прыцягнуць да правядзення антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе краіны вайскоўцаў Узброеных сіл.

«РНБА прыняла пастанову пачаць шырокамаштабную антытэрарыстычную аперацыю з прыцягненнем Узброеных сіл Украіны, – заявіў Турчынаў. – Мы не дамо Расеі паўтарыць крымскі сцэнар ва ўсходнім рэгіёне Украіны».

Таксама ён адзначыў, што ўлады Украіны рабілі ўсё, каб пазбегнуць чалавечых ахвяр.

«Але мы гатовыя даць адпор тым спробам уварвання, дэстабілізацыі і тэрарыстычным дзеянням са зброяй у руках», – падкрэсліў ён.

Турчынаў заявіў, што напярэдадні каардынаваныя Расейскай Федэрацыяй тэрарыстычныя атрады захапілі ўпраўленне ўнутраных спраў і іншыя адміністрацыйныя будынкі ў некалькіх гарадах Данецкай вобласці.

«Асабліва небяспечна гэта адбывалася ў горадзе Славянску, дзе працавалі апранутыя ў расейскі камуфляж і ўзброеныя расейскімі аўтаматамі прафесійна падрыхтаваныя злачынцы», – падкрэсліў ён.

Турчынаў паведаміў, што раніцай 13 красавіка, у Славянску калону прадстаўнікоў сілавых структур, якія атрымалі заданне абараніць грамадзян, абстралялі з аўтаматычнай зброі.

«Злачынцы адкрылі шквальны агонь, прыкрываючыся жывым шчытом з мясцовых жыхароў, падманутых расейскай прапагандай», – сказаў ён.

Падчас гэтай аперацыі загінуў капітан спецпадраздзялення СБУ «Альфа» Генадзь Білічэнка, былі цяжка параненыя камандзір «Альфы» палкоўнік Кузняцоў і палкоўнік СБУ Кукса. Таксама раненні атрымаў супрацоўнік МУС Селіх.

«Кроў пралілася на вайне, якую супраць Украіны вядзе Расейская Федэрацыя. Агрэсар не спыніўся і працягвае арганізоўваць беспарадкі на ўсходзе краіны», – заявіў Турчынаў.

«Гэта не вайна паміж украінцамі. Гэта штучна створаная сітуацыя супрацьстаяння, якая мае на мэце паслабленне і знішчэнне самой Украіны», – заявіў в.а. прэзідэнта Украіны.

Нагадаем, сёння ў Славянску праводзіцца антытэрарыстычная аперацыя. Раней расейскі спецназ захапіў там будынкі МУС і СБУ з мэтай завалодаць зброяй. У выніку страляніны ў Славянску пацярпелі блізу дзесяці чалавек, адзін загінуў.

Хартыя\’97