Арыштаваны Мікалай Статкевіч
Паплечнікі лідара БНК уважаюць, што Статкевіча арыштавалі, каб сарваць яго выступленне на «Еўранэсце» ў Кіеве.
Сёння ў Менску быў затрыманы лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.
Пра гэта напісала ў «Фэйсбуку» жонка палітыка Марына Адамовіч.
«Толькі што, у найлепшых традыцыях таннага спектакля, Мікалая арыштавалі», – напісала жонка лідара БНК.
31 кастрычніка Мікалай Статкевіч павінен быў удзельнічаць у пасяджэнні рабочай групы Беларусі Еўранэста.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўген Афнагель распавёў Charter97.org падрабязнасці затрымання палітыка.
«Затрымалі Мікалая Статкевіча 20 хвілін таму. Ён вяртаўся з сустрэчы са сваімі паплечнікамі. Машыну, у якой знаходзіліся Статкевіч і яго жонка Марына Адамовіч, спынілі супрацоўнікі ДАІ ў раёне гіпермаркета «Карона» на скрыжаванні вуліц Кальварыйская і Ціміразева. Адразу ж пад\’ехаў ужо знаёмы шматлікім актывістам сіні мікрааўтобус. Адтуль выскачылі амапаўцы і схапілі Статкевіча. Куды яго павезлі – пакуль невядома.
Сёння днём мы сустракаліся з Мікалаем Статкевічам, абмяркоўвалі стратэгію далейшых дзеянняў БНК. Гаварылі пра тое, што галоўным нашым патрабаваннем павінна заставацца правядзенне ў Беларусі датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем. Гэтую пазіцыю Статкевіч планаваў агучыць на сесіі Парламенцкай Асамблеі «Усходняга партнёрства», якая сёння адкрылася ў Кіеве. Ужо заўтра раніцай ён павінен быў вылецець ва ўкраінскую сталіцу. Упэўнены, што яго адмыслова затрымалі менавіта цяпер, каб не дапусціць удзелу ў сесіі.
Беларускі Нацыянальны Кангрэс паслядоўна выступае з крытыкай уладаў і паслядоўна патрабуе правядзення сумленных выбараў. Рэжым гэтага баіцца і таму зрабіў усё магчымае, каб сарваць удзел Статкевіча – самага вядомага і аўтарытэтнага з запрошаных у Кіеў беларускіх палітыкаў – у буйным міжнародным форуме. Спадзяюся, удзельнікі сесіі Еўранеста зробяць з гэтага адпаведныя вывады», – адзначыў Яўген Афнагель.
«Еўранэст» – міжпарламенцкая асамблея, створаная для збліжэння дзяржаў-удзельніц праграмы Еўразвязу «Усходняе партнёрства».
Мэта праграмы – збліжэнне ЕЗ з Украінай, Арменіяй, Малдовай, Грузіяй, Азербайджанам і Беларуссю без іх прыняцця ў склад ЕЗ.