Асабістыя ворагі Лукашэнкі | Личные враги Лукашенко
Да і пасля выбараў у Беларусі з’явілася беспрэцэдэнтная колькасць палітычных зняволеных.
Каля ста з іх ужо атрымалі такі статус, яшчэ каля чатырох соцень чалавек – пакуль не прайшлі праз маніторынг праваабаронцаў.
Шмат інфармацыі гучыць пра такіх палітвязняў, як Віктар і Эдуард Бабарыкі, як Марыя Калеснікава, Віталь Шкляраў, Максім Знак ды іншых. У віры шматлікіх затрыманняў мы часам забываемся пра такіх людзей, як Павел Севярынец і Мікола Статкевіч, якіх затрымалі прэвентыўна, давалі бясконцыя содні арышту, а потым беспадстаўна абвінавацілі паводле крымінальных артыкулаў.
Жыхар Маладэчна Павел Пяскоў ужо асуджаны на 3 гады і тры месяцы пазбаўлення волі за драпінку на калене ў амапаўца.
Дзмітрыя Фурманава затрымалі ў момант правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага ў Горадні. Мужчыну зацягнулі ў міліцэйскі бусік, калі ён, седзячы за сталом, законна збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую.
Берасцейку Марыну Глазаву кінулі ў няволю за карагод на адной з акцыяў пратэсту. Іван Красоўскі з Заслаўя спачатку трапіў у пекла Акрэсціна ў першыя дні паслявыбарчых катаванняў, а пазней быў затрыманы па крымінальным абвінавачанні – на думку сяброў, за тое, што анархіст.