Астатніх чытачоў я не шкадую – яны за гэта грошы атрымліваюць…

У сваім лісце да жонкі Мікалай Статкевіч ўзгадаў пра шматлікіх “дадатковых” чытачоў сваіх лістоў і чарговыя спробы ўціску.

Марына кажа: “Я апошнім часам пачала губляць зрок, доўга збіралася і, нарэшце, набыла акуляры. Канешне, пахвалілася Мікалаю, што бачу хаця б тое, што пішу яму, і, галоўнае, яго лісты. На што ён адказаў, што вельмі рады, бо сам піша мне ў акулярах, эканоміць тым самым паперу за кошт памеру літар, і шкадуе, што я мусіла ўсё гэта разбіраць. І прыпісвае: “Астатніх чытачоў я не шкадую – яны за гэта грошы атрымліваюць”… А мы ж ведаем, колькі іх – гэтых чытачоў…”- адзначыла Марына.

Але, хаця у лісце ёсць просьба не хвалявацца за яго, Мікалай напісаў і тое, што “тут апошнім часам нібыта пачаўся пошук недахопаў, але гэта ўсё я ўжо бачыў у Шклове, і таму – не ўражвае”…

На думку жонкі, гэта якраз і ёсць тыя словы, што сведчаць аб ўзмацненні ціску на Мікалая Статкевіча. “Я добра памятаю, як гэта рабілася ў Шклове, да якога абсурда і ганьбы дарослыя людзі могуць дайсці, каб выканаць загад, выслужыцца перад начальствам.

Што зараз? Дзеля чаго ўсё гэта робіцца? Ужо, здаецца, ўсё – турма строгага рэжыму, куды далей? Кінуць ізноў у карцэр? А можа, адмыслова, каб адмовіць у пераводзе на агульны рэжым, што магло здарыцца праз паўгады строгага? Тое, што адбываецца вакол іншых палітвязняў, сведчыць, што Мікалай абсалютна меў рацыю, калі пісаў, што пасля вызвалення часткі палітвязняў, ціск на астатніх толькі ўзмацніцца. Магу толькі спадзявацца, што гэта сведчыць пра тое, што мы іх хутка пабачым дома…”