Баранавічы: палітзняволенаму Юрыю Рубцову адмовіліся перадаць газеты

Грамадскія актывісты з Баранавічаў Сяргей Гоўша і Віктар Сырыца наведалі СІЗА № 6 (вуліца Брэсцкая 258) і перадалі перадачу для палітвязня Юрыя Рубцова.

– На дадзены момант палітзняволены Юрый Рубцоў знаходзіцца ў СІЗА горада Баранавічы і лічыць распачатую ў дачыненні да яго крымінальную справу па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса сфальсіфікаванай. Мы ведаем, што ён па-ранейшаму трымае галадоўку і не збіраецца яе прыпыняць. Тым не менш, мы перадалі для палітвязня самае неабходнае з прадуктаў, якімі заўжды можна будзе падзяліцца з сукамернікамі, – паведаміў праваабаронца Сяргей Гоўша.

Ён дадаў, што супрацоўнік СІЗА № 6 катэгарычна адмовіўся прыняць для Юрыя Рубцова газеты “Наша ніва” і “Свободные новости”, назваўшы іх апазіцыйнымі.

spring96.org