Баранавічы: Статкевіч Віктар Паўлавіч чакае вызвалення сына
Прадстаўнікі баранавіцкіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый 13 жніўня наведалі Статкевіча Віктара Паўлавіча і павіншавалі яго з 58-годдзем сына Мікалая, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме № 4. Цяпер Віктар Паўлавіч не вельмі добра сябе адчувае, у яго вялікі ціск і кружыцца галава, таму ён не змог прыняць гасцей у Дзень народзінаў сына.
– Мы імкнуліся маральна падтрымаць Віктара Паўлавіча, пажадалі яму моцнага здароўя і найхутчэйшай свабоды для палітвязня Мікалая Статкевіча. Але Статкевіч-старэйшы не верыць ў датэрміновае вызваленне свайго сына, – паведаміў Віктар Сырыца.
На развітанне госці падаравалі Віктару Паўлавічу газету “Наша Ніва”, якая цалкам прысвечана Статкевічам.