Бардзюр
У Беларусі нямала дэмакратычных палітыкаў еўрапейскагаўзроўню. Але ва ўмовах адсутнасці палітыкі, бо яна звязана з выбарамі, на першы план у прэтэндэнтаў на лідарства ў дэмакратычнай часткі грамадства выходзяць іншыя якасці. Многія палітыкі дэманстравалі мужнасць і смеласць, ішлі на адміністратыўныя арышты. Але смеласць любога чалавека мае сваю мяжу. Праўда, для некаторых яна знаходзіцца за мяжой паміж жыццём і смерцю. Але такіх няшмат. У большасці мяжа смеласці супадае з мяжой паміж адміністрацыйным і крымінальным кодэксам. Апазіцыйных палітыкаў саджаюць звычайна за дэманстрацыі. Таму мяжа паміж гэтымі кодэксамі мае канкрэтнае матэрыяльнае ўвасабленне ў выглядзе бардзюра. Калі акцыя праходзіла па тратуары, то гэта – адміністрацыйнае парушэнне, калі па праезднай частцы, то крымінальнае.
Большасць апазіцыйных палітыкаў ніколі не перасякае гэтую мяжу, што, па-чалавечы, цалкам зразумела. 19 сакавіка 2006 года ў ноч прэзідэнцкіх выбараў ніхто з некалькіх дзесяткаў тысячаў дэманстрантаў так і не ступіў на праездную частку.
Гады праз два пасля гэтага індывідуальныя прадпрыймальнікі праводзілі сваю акцыю. Яны перакрылі праспект на плошчы Незалежнасці насупраць уваходу ў метро. Я стаяў сярод натоўпу прадпрымальнікаў і размаўляў з людзьмі, як убачыў старшыню адной з правацэнтрысцкіх партый. Ён стаяў на бардзюры з боку плошчы і раз-пораз апускаў з яго нагу і кранаў ёю асфальт на праезднай частцы. Як гарачую ваду нагой мацаў. А потым павярнуўся і па плошчы пайшоў прэч.
Пасля гэтай акцыі пад два дзесяткі маладзёвых актывістаў былі асуджаны за яе па крымінальнай справе. Большасць – да хатняй “хіміі”. Утым ліку, і з АГП. Мяне чамусьці не кранулі. Мо таму, што нядаўна вызваліўсяз “хіміі”?
Дэмакратычных лідараў, здольных, як напісана ў адной з казак Кіплінга, “выйсці на сярэдзіну пакоя”, ці перайсці праз бардзюр, як у нас, вельмі няшмат. Пальцаў адной рукі, каб іх палічыць, зашмат будзе. Іх ведаюць і нейтралізуюць усімі сродкамі. Таму так жорстка і ламалі Зьміцера. Цана лідарства і барацьбы пастаянна расце – Акрэсціна, “хімія”, калонія, турма…
Хто першы спыніцца – той, хто падымае гэтую цану, ці тыя, хто плацяць яе?. Ад адказу на гэтае пытанне залежыць самапавага нацыі , а значыць – і яе лёс.
26.08.2013
Мікалай Статкевіч
Магілёў, СТ-4