Навіны

Беларусь прапанавала ЕС пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму

Беларусь сёння прапанавала пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС, паведаміў кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу 29 лістапада па выніках саміту Усходняга партнёрства ў Вільні.

«Еўрапейскі саюз вітае гэта», — падкрэсліў Барозу.

Гэтаксама і старшыня Рады ЕС Херман ван Рампей заявіў, што ў Еўрасаюзе задаволены паведамленнямі з Мінска аб намеры пачаць абмеркаванне магчымасці палягчэння візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС.

Наша Ніва

Уладзімір Макей пракаментаваў гэта паведамленне журналісту Еўрарадыё. Міністр замежных спраў нагадаў, што Беларусь прапанавала ЕС пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму яшчэ ў 2004 годзе, але безвынікова. А ў 2011-м Еўрасаюз заявіў пра згоду пачаць перамоўны працэс, але адначасова былі ўведзеныя санкцыі. Таму ўлады Беларусі не пайшлі на перамовы і сітуацыя знаходзілася ў «падвешаным стане» аж да сённяшняга дня.

Уладзімір Макей: «Сёння настаў час, калі можна весці размову аб пачатку перамоваў з Еўрапейскім саюзам аб заключэнні пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму.

Гэта ўстаноўка прэзідэнта нашай краіны. Ён сыходзіў з таго, што гэта будзе выгадна для канкрэтнага простага чалавека, для нашых людзей. І гэты будзе вельмі пазітыўна разглядацца людзьмі», — сказаў У. Макей.

Макей адзначыў, што «калі будзе канструктыўны настрой з абодвух бакоў», то праблема будзе вырашаная «за кароткі час».