Навіны

Беларуская глыбіня. Статкевіч.

І явіўся яму Анёл Гасподні,
І сказаў яму:
Гасподзь з табою, муж дужы! 
Суддзяў, 6:12.

Пра існаванне Міколы Статкевіча я даведаўся ў той самы дзень, калі стаў беларускім нацыяналістам. У пачатку 1994-га, перад прэзідэнцкай кампаніяй, у Віцебску, у Акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа — тым самым, што збудаваны на месцы старажытнага Верхняга замка, і на даху якога дагэтуль мрояцца вежы камяніцы Альгерда — выступаў Зянон Пазняк.

Акрамя колькіх соцень прыхільнікаў, Зянона сустракала і чорная сотня камуністаў ды славянасаборнікаў: у цёмных палітонах ды ў куртках з плакатамі пра «фашызм» і «едінство народов». Яны сталі шэрагам перад калонамі тэатра і загарадзілі ўваход.

І тады хлопцы з Беларускага згуртавання вайскоўцаў у барэтах з Пагоняй ды бел­чырвона­белымі нашыўкамі на камуфляжы па-жаўнерску, радком прайшліся ўздоўж чорных, пазрывалі агітацыю ды пашыхтаваліся ля ўвахода, каб віцьбічы змаглі прайсці. Каманды гэтым хлопцам — з характэрнай картавінкай, але зычна — аддаваў малады Мікола.

А потым аказалася, што галоўнае наша з ім скрыжаванне — рог вуліцаў Нямігі і Ракаўскай. Там стаіць фундаваная ў ХVII стагоддзі Статкевічамі мая царква, Свята-Петрапаўлаўскі сабор. У часы Контррэфармацыі адзіны дзеючы праваслаўны храм Мінска (тады — у юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхату), пасля разбору Рэчы Паспалітай ён быў адрамантаваны на царскія грошы — і перайменаваны ў Кацярынінскую царкву. Менавіта тут, дзе адбываюцца беларускія набажэнствы і выдаецца львіная доля беларускамоўных праваслаўных кніг, я ўпершыню спавядаўся і прымаў прычасце і якраз тут пачынаў дзень Плошчы.

Здавалася б, сам Статкевіч у царкве бывае нячаста. Але самая ўражвальная евангельская ўспышка — гэта калі на зломе, з трэскам касцей, дзе і вернікі ніякавеюць, у не надта рэлігійным чалавеку раптам адкрываецца Ісус.

Вось 20 жніўня 1991, назаўтра пасля путчу, Статкевіч выступае супраць ГКЧП, пачынае ствараць Беларускае Згуртаванне вайскоўцаў — а потым прарываецца на радыё і звяртаецца з заклікам не падпарадкоўвацца хунце.

Вось падчас хапуна на Маршы Свабоды Статкевіч прыкрывае сабой падлеткаў і дзяўчат ад ашалелага спецназа — і трапляе ў турму.

Вось на акрэсцінскіх «сутках» апякае навічкоў, заступаецца за маладафронтаўцаў перад канвоем ды аддае сваё паліто.

Вось у «амерыканцы» ён адзіны больш за месяц трымае галадоўку пратэсту — і мы ўжо наварочваем па сваіх камерах гэбоўскі супчык, а ён у карцэры цягне лямку за ўсіх.

Вось у Магілёўскай турме Статкевіч дамагаецца, каб зняволеным пачалі выдаваць належныя, паводле ўрадавых пастановаў, прадметы гігіены — і толькі чуваць, як грукаюць «кармушкі», і камера за камерай, «крытка» пачынае радасна раўці.

Ад колькіх добрапрыстойных, салідных, паспяховых і глянцавых дзеячаў даставалася Статкевічу: маўляў, і недамоваздольны, і некамандны, і разбуральнік, і скандаліст, і, аёечкі, знаёмы з Шэйманам (які калісьці ўступіў у БЗВ)…

Але потым раптам аказвалася, што і выйсці на вуліцу ратаваць нацыянальны гонар, або сказаць праўду ўголас, або хаця б сустрэць небяспеку ў твар, калі ўсе бягуць, больш няма каму.

…А даць поўху вылюдку, аўтару «Дзяцей хлусні», акрамя Статкевіча, ахвотных няма.

… А з кандыдатаў Плошчы ён адзіны дагэтуль застаецца за кратамі.

Статкевіч нязручны? Востры? Яршысты? А дзе, скажыце, вы бачылі сапраўднага шляхціча без асабістай незалежнасці, без годнасці, без шаблі, выхапленай з похваў?

Статкевіч — баец. Гульцоў у беларускім палітыкуме хапае, байцоў вобмаль. Дык майце ж на ўвазе, ён баец, з усімі, як кажуць, вынікаючымі.

У 2010 менавіта Статкевіч перамог на грамадскіх дэбатах тут.бая, і менавіта яго, свайго цёзку, калі на гэты раз верыць Аляксандру Рыгоравічу, ацаніў маленькі Міколка: «Не дасі цацку — прагаласую за Статкевіча».

Да яго ўвесь час падсаджваюць правакатараў або заразна хворых.

Мне перапіска са Статкевічам забароненая. Яму прыходзіць толькі канверт з надпісам цэнзара. У 2005 паехалі мы з ім як падзельнікі на «хімію» пасля шэсця супраць рэферэндуму аб трэцім тэрміне: мне ў лес, яму спярша — рамантаваць лядоўні, а потым у зачуханы калгас. Трэба ж было неяк прынізіць падпалкоўніка са слуцкім шляхецкім гербам, кандыдата тэхнічных навук, аўтара больш як 60 працаў у галіне аўтаматычных сістэмаў, эрганомікі, інжынернай і сацыяльнай псіхалогіі, з дысертацыяй «Тэорыя эфектыўнага ўзаемадзеяння чалавека і машыны ў сістэме кіравання».

Як толькі (і хто толькі) ні спрабавалі зламаць Статкевіча. І рэжым, і свае — чаго вартая адна гісторыя з сацыял­дэмакратыяй.

А ён не ламаецца. Трымаецца. І, бач ты, — усміхаецца.

Статкевічу як байцу надзвычай пасуе ўсмешка — яна ўмомант ператварае грубаватага вайскоўца ў зухаватага шляхціча і толькі падкрэслівае гвардзейскую стаць… Яму пасуе прозвішча Статкевіч!

Ад такіх людзей нават геройства чакаеш як нечага само сабой зразумелага.

А зараз…

У турме бліжэй чым дзе да Бога. Бо тут чалавек найцясней з уласным сэрцам.

Таму героі не адбываюць там пакаранне, а гартуюць сэрца. Кшталтуюць свае крокі ад дзвярэй да акенца, адчыняюць замкі ды засовы ў саміх сабе, каб аднойчы, сярод ворагаў, жанчын у слязах, у болі і ўціску, праз іх зноў раптам адкрыўся Той, хто Адзін цярпеў за нас усіх.

Напісаць Статкевічу можна на адрас:

Мікола Статкевіч. 212011

г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а, турма № 4.

Павел Севярынец, Куплін

Наша ніва