Беларуская інтэлігенцыя заклікае апазіцыю да аб'яднання
Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі заклікаюць апазіцыю аб\’яднацца на Кангрэсе дэмакратычных сіл.
Пра гэта гаворыцца ў звароце, тэкст якога прыводзіць БелаПАН.
“Частка апазіцыі ўжо заяўляе пра гатоўнасць удзельнічаць у наступнай палітычнай кампаніі: парламенцкіх выбарах, – падкрэсліваецца ў дакуменце. – Прычым заяўляе гэта пры выбарчым законе, які дэмакратычных, свабодных выбараў не прадугледжвае.
Мы не заклікаем ні да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, ні да няўдзелу. Мы заклікаем да кансалідацыі, да супольнай пазіцыі да выбараў і тых палітычных працэсаў, якія вызначыліся апошнім часам у дачыненнях паміж Беларуссю і Еўразвязам, дэмакратычным Захадам. Працэсы гэтыя выключна важныя, яны наўпрост уплываюць на будучыню краіны – і падыходы да іх павінны быць выразна пэўнымі, цалкам зразумелымі нашаму грамадству”.
На іх думку, пляцоўкай для выпрацоўкі супольнай пазіцыі ды трыбунай для абвяшчэння пра яе можа стаць кангрэс дэмакратычных сіл, магчымасці якога не былі выкарыстаныя перад прэзідэнцкімі выбарамі.“Мы заклікаем выкарыстоўваць іх перад выбарамі парламенцкімі”, – гаворыцца ў дакуменце.
“Толькі супольны план дзеянняў, замацаваны абавязковымі для ўсіх пастановамі кангрэса, можа выправіць сітуацыю: вывесці апазіцыю з крызісу, вярнуць ёй палітычную вагу, давер унутры краіны і за яе межамі. Гэта цяжка, але яшчэ магчыма зрабіць, калі паставіць інтарэсы Беларусі вышэй за інтарэсы партый, рухаў, асабістых інтарэсаў”, – адзначаюць аўтары звароту.
Яны заклікаюць усіх лідараў і актывістаў беларускай дэмакратычнай апазіцыі “праявіць палітычную адказнасць, склікаць кангрэс з шырокім удзелам грамадзянскай супольнасці ды прыняць пастановы, накіраваныя на ўмацаванне незалежнасці нашай краіны”. “Гэта неабходна зрабіць не толькі дзеля кансалідацыі апазіцыі – дзеля нацыянальнай згоды. Бо пры той нязгодзе, якая ёсць цяпер у нашым беларускім доме, мы не толькі не дойдзем да Беларусі, пра якую марым, а можам страціць нават тую, што маем”, – падкрэсліваюць прадстаўнікі інтэлігенцыі.
Зварот падпісалі вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі, Анатоль Вярцінскі, Зінаіда Бандарэнка, Аляксей Марачкін, Лявон Баршчэўскі, Віктар Казько, Генадзь Фядыніч, Уладзімір Арлоў.