Мікалай Статкевіч: Аб'ядноўвацца трэба хутка

Ініцыятыва вядомых грамадскіх, культурных і навуковых дзеячаў аб правядзенні Кангрэса дэмакратычных сіл – правільная і неабходная.

Пра гэта піша на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч.

«Падтрымліваю яе цалкам, – заявіў палітык. – Мяркую, што кіраўнікі дэмакратычных арганізацый абавязаны скарыстацца гэтай «падачай» дзеля аб\’яднання. Часу на рэалізацыю ініцыятывы засталося мала. Таму неадкладна пачаў кансультацыі з дэмакратычнымі лідарамі аб яе рэалізацыі. Большасць з тых, да каго паспеў звярнуцца, адразу падтрымалі ідэю Кангрэсу і заявілі аб сваёй гатоўнасці ўвайсці ў склад яго аргкамітэта. Некаторыя папрасілі час, каб параіцца са сваімі калегамі. Думаю, што ўвечары 18 снежня можна будзе даведацца пра папярэдні склад аргкамітэта. А таксама аб прычынах, паводле якіх кіраўнікі некаторых арганізацый адмовіліся падтрымаць аб\’яднаўчы Кангрэс. Калі такія знойдуцца».

Мікалай Статкевіч раіць паспяшацца з ініцыятывай, прапанаванай беларускай інтэлігенцыяй.

«Мой досвед падказвае, што аб\’яднальныя ініцыятывы дэмакратаў у нашай краіне трэба рэалізоўваць вельмі хутка. Пажадана, за адзін дзень. Бо калі не паспець за гэты час, то нашы шматлікія «службы» разваляць любую спробу кансалідацыі. Таму і спяшаюся», – піша ён.

Нагадаем, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі заклікаюць апазіцыю аб\’яднацца на Кангрэсе дэмакратычных сіл. Адпаведны зварот падпісалі вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі, Анатоль Вярцінскі, Зінаіда Бандарэнка, Аляксей Марачкін, Лявон Баршчэўскі, Віктар Казько, Генадзь Фядыніч, Уладзімір Арлоў.

Хартыя\’97