Актуальна

Беларускі Нацыянальны Кангрэс выступіў у падтрымку сайта Charter97.org

Адмысловую заяву Рады БНК апублікавала прэс-служба Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу:

• Рэжым Лукашэнкі заблакаваў доступ да самага папулярнага незалежнага інфармацыйнага рэсурсу краіны – «Хартыі\’97».

На працягу апошніх 20 гадоў улады Беларусі паслядоўна змагаліся са свабодай слова. Зачыняліся СМІ, блакаваўся доступ да сайтаў, журналістаў кідалі ў турмы, пазбаўлялі акрэдытацыі, штрафавалі, забівалі, змушалі пакінуць тэрыторыю краіны з-за пагрозы рэпрэсій.

Блакаваннем «Хартыі\’97» нанесены чарговы ўдар па свабодзе слова ў Беларусі. Ўпэўненыя, што гэта звязана з прафесійнай працай журналістаў сайта, аб\’ектыўным асвятленнем падзей у краіне і рэгіёне і страхам рэжыму перад магчымай хваляй пратэстаў у сувязі з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі.

Блакаванне доступу да «Хартыі\’97» ставіць пад яшчэ большую пагрозу бяспеку краіны. Сайт з\’яўляецца лідэрам у інфармацыйным супрацьстаянні з Расіяй. Рашэньне ўладаў сведчыць аб тым, што медыяпрастора Беларусі цалкам аддаецца пад кантроль суседняй дзяржавы.

Рада БНК

• выказвае сваю падтрымку і салідарнасць з рэдакцыяй сайта «Хартыя\’97»;

• патрабуе ад уладаў Рэспублікі Беларусь неадкладнай адмены блакіроўкі доступу да сайта «Хартыя\’97»;

• выказвае рашучы пратэст супраць дзеяньняў уладаў Рэспублікі Беларусь, накіраваных на пераслед журналістаў і абмежаванне доступу да незалежных СМІ на тэрыторыі краіны;

• патрабуе ад уладаў Рэспублікі Беларусь забеспячэння свабоды слова, гарантаванай як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі дамовамі, падпісанымі Рэспублікай Беларусь;

• заклікае ўсе палітычныя сілы Беларусі падтрымаць сайт «Хартыя\’97» і задзейнічаць свае магчымасці, у тым ліку і на міжнародным узроўні, для ціску на рэжым з мэтай спынення пераследу незалежных СМІ і рэпрэсій супраць журналістаў;

• заклікае кіраўніцтва дэмакратычных краін актыўна ўздзейнічаць на ўлады Рэспублікі Беларусь з мэтай павагі да свабоды слова і спынення рэпрэсій супраць журналістаў.

Свабоду “Хартыі\’97”! 

Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блякаваньне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

Падрабязная інструкцыя аб тым, як абыйсці блакаванне сайта Charter97.org, знаходзіцца тут.