Беларускім "правацэнтрыстам" выпала шчасце
І выпала ім шчасце. Беларускім “правацэнтрыстам”, я маю на ўвазе. Цяпер у іх ёсць занятак на чатыры гады – перасідэнт пашкадаваў іх, бо столькі часу без справы туляюцца, і прызначыў ім “дэпутата”. Цяпер усе яны могуць быць “калектыўным памочнікам” таго “дэпутата”.
Які аб\’ём працы чакаецца! Распрацоўка шматлікіх законапраектаў з прыцягненнем экспертаў (калегі павінны дапамагчы). Скліканне ассамблей кандыдатаў, не прызначаных “дэпутатамі”, для зацвярджэння законапраектаў (калегі павінны дапамагчы). Урачыстая перадача законапраекта свайму “дэпутату”. Падача тым законапраекта ў профільную “парламенцкую” камісію. Адмова камісіі падтрымаць законапраект. Падача “дэпутатам” законапраекта на пленарным пасяджэнні “парламента”. Адмова “парламента” падтрымаць законапраект. Паўтор цыкла з чарговым законапраектам. І, безумоўна, асвятленне кожнага этапа ў апазіцыйных СМІ. Чаму тыя таксама будуць шчаслівыя, бо ёсць пра што пісаць. Шчаслівым будзе і сам перасідэнт, калі нарэшце атрымае заходні крэдыт, дзеля якога ўсё гэта рабілася.
Столькі шчасця столькім людзям і ніякай рызыкі для нікога!
Вось толькі на рэальнае жыццё краіны такая бурлівая “парламенцкая” дзейнасць ніяк не паўплывае. Тым, хто клапоціцца пра лёс Беларусі, ня варта нават зважаць на гэтую гульню ў “парламент”. Зараз не да імітатараў -трэба працаваць на кансалідацыю ўсіх, хто здольны рэальна змагацца за свабоду. Час прыспешвае.
Мікалай Статкевіч, facebook.com