Берасцейшчына далучылася да акцыі салідарнасці з палітвязнямі
16-га лістапада ў Беларусі штомесяц ладзіцца акцыя салідарнасці з палітвязнямі.
Шырокафарматныя ўлёткі з партрэтам Мікалая Статкевіча са словамі: “Свабоду палітвязням!” з’явіліся акрамя Бярозы ў Берасці, Кобрыні і Пружанах.
Неабыякавыя людзі нагадваюць усім, што ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры ЕЎРОПЫ, ёсць палітвязні, кажа адная з актывістак дэмакратычнага руху:
– У сёняшніх умовах кожнаму палітвязню важная акцыя салідарнасці з ім. Таксама важна, каб бачылі ў Еўропе, што Беларусь таксама змагаецца, як і Украіна , што тут ёсць людзі, гатовыя працягваць змаганне тымі сродкамі, якія даступныя і мажлівыя ў такіх умовах.
Па словах актывісткі, людзі з зацікаўленасцю чытаюць напісанае на плакаце. І гэта ўжо добра. Такі напамін неабходны для тых, хто карыстаецца толькі дзяржаўнымі сродкамі інфармацыі .
* * *
У многіх месцах горада Бяроза з’явіліся ўлёткі з надпісам: „Свабода палітвязням!” На ўлётцы – выява экс-кандыдата ў прэзідэнты выбарчай кампаніі 2010 года Міколы Статкевіча з кароценькімі звесткамі пра яго і пра тое, што ён асуджаны на 6 гадоў турмы за выклік рэжыму Лукашэнкі.
Бяроза не застаецца ў баку ад салідарнасці з палітвязнямі. Лісты, паштоўкі, грашовыя пераводы за гэтыя гады былі адпраўлены ад неабыякавых людзей палітзняволеным. Сістэматычна ў горадзе з’ўляліся ўлёткі ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза