БНК АДКАЖА НА МАНІПУЛЯВАННІ РЭЖЫМА

Рэжым аслабеў. Ён вымушаны манеўраваць паміж Расіяй і Захадам, каб атрымліваць ад іх грошы на падтрымку сваёй архаічнай сістэмы. Прымяненне рэжымам сілы супраць грамадства выклікае негатыўную рэакцыю на Захадзе. Гэта ўскладняе манёўр і скарачае мажлівыя крэдыты. Таму ўлады пачалі маніпуляваць актыўнай часткай грамадства, каб не дапусціць небяспечных для сябе пратэстаў і неабходнасці прымяняць супраць іх сілу.

Зараз улады ўсё часцей гуляюць на пачуццях патрыётаў, ствараюць для іх матывы дзейнічаць у накірунках, якія не ўяўляюць цікавасці для большасці грамадства. Гэта маніпуляванне мае на мэце адцягнуць увагу і сілы патрыятычных арганізацый ад тых публічных дзеянняў, якія рэжым лічыць па-сапраўднаму небяспечнымі для сябе.

Напрыклад, у мінулым годзе ўлады абвастрылі сітуацыю вакол былой ахоўнай зоны Курапатаў, каб адцягнуць увагу ад масавых сацыяльна-палітычных пратэстаў у цэнтрах беларускіх гарадоў. Каб напярэдадні небяспечнага для рэжыма Дня Волі скіраваць сілы патрыётаў з цэнтра на ўскраіну сталіцы.

Перад сёлетнім юбілейным Днём Волі замест традыцыйнай дэманстрацыі, якая непазбежна набыла б пратэстны характар, улады самі прапанавалі апазіцыі правесці святочны канцэрт, каб не дапусціць пратэста. Але самаахвярныя дзеянні патрыётаў, якія выйшлі на месца дэманстрацыі, не дазволілі рэжыму напоўніцу скарыстацца вынікамі свайго маніпулявання.

Цяперашняе чарговае абвастрэнне вакол ахоўнай зоны Курапатаў інспіравана ўладамі з мэтай не дапусціць масавай альтэрнатыўнай акцыі 3 ліпеня ў Дзень вызвалення Мінска ад гітлераўцаў. Яны не хочуць паўтарэння мінулагодняй сітуацыі, калі з-за акцыі БНК 3 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы ім упершыню прыйшлося адмовіцца ад святочных мерапрыемстваў у цэнтры сталіцы.

Рэжым баіцца разбурэння патрыятычнымі сіламі прысвоенай ім манаполіі на перамогу ў другой сусветнай вайне. Бо ўся яго ідэялагічная канструкцыя пабудавана на атаясамленні сябе з вызваліцелямі ў той вайне, а патрыятычнай апазіцыі – з нацысцкай калабарацыяй. Што ў краіне, якая дагэтуль да канца не пераадолела наступствы жахлівай ваеннай траўмы, рэзка звужае электаральнае поле патрыятычных сіл.

Улады плануюць актыўна скарыстаць свае гістарычныя спекуляцыі падчас наступных парламенцкай і прэзідэнцкай кампаній, бо па часе яны супадаюць з 75-годдзямі вызвалення Беларусі і перамогі над нацыстамі. Таму для рэжыма надзвычай важна перашкодзіць альтэрнатыўнаму святкаванню, якое можа разбурыць іх хлусню.

Патрыёты, якія зараз блакуюць працу рэстарана каля ахоўнай зоны Курапатаў, заслугоўваюць глыбокай павагі і падтрымкі. Але рэакцыя на правакатыўныя дзеянні рэжыма ў трагічным для краіны месцы не будзе поўнай без больш моцнага адказу на гэта цынічнае маніпуляванне. Такім адказам з\’явіцца наша акцыя 3 ліпеня на галоўным праспекце сталіцы, падчас якой прагучыць і тэма Курапатаў.

У Дзень вызвалення Мінска 3 ліпеня ў 13.00 на праспекце Незалежнасці каля выхадаў з метро “Парк Чалюскінцаў” на бульвар Талбухіна Беларускі Нацыянальны Кангрэс пачне Акцыю вызвалення і салідарнасці. Акцыя прысвечана салідарнасці з пакаленнем, уратаваўшым свет ад нацызму, а таксама з тымі, хто сёння змагаецца і пераследуецца за вызваленне нашай краіны. У тым ліку – з абаронцамі Курапатаў. Падчас акцыі, акрамя мітынга, плануецца ўшанаванне магіл савецкіх салдат на бульвары Талбухіна і месцаў сталінскіх растрэлаў у парку Чалюскінцаў.

Мы запрашаем прыходзіць на Акцыю вызвалення і салідарнасці з кветкамі, знічамі і плакатамі, якія выказваюць вашу грамадзянскую пазіцыю.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!

Са старонкі Мікалая Статкевіча ў Фэйсбуку