Бяры партфель, ідзі дамоў!

Толькі новыя свабодныя выбары выведуць Беларусь з тупіка.

Нічога асабістага, але гэты ўрад павінен сысці ў адстаўку. І яшчэ лепш – разам з галоўным архітэктарам беларускага «эканамічнага цуду», які пры найбліжэйшым разглядзе выявіўся эканамічным тупіком. Пры гэтым некаторым членам Савета міністраў не лішняй была б і позва на размову да следчага Генпракуратуры.

Спытаеце за што?

Па-першае, за дыскрэдытацыю нацыянальнай валюты: у пачатку 2009 года курс быў Br2650 за $1. Сёння ён набліжаецца да Br18000 за даляр. Дэвальвацыя нацыянальнай валюты амаль у сем разоў за няпоўныя сем гадоў – гэта грашовая катастрофа. Ці трэба камусьці тлумачыць (акрамя вышэйшых чыноўнікаў), што без моцных грошай не можа быць паўнавартаснага суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі?!

Па-другое, за нанясенне насельніцтву, суб\’ектам гаспадарання, камерцыйным арганізацыям і інвестарам шкоды ў асабліва значным памеры праз інфляцыю. Паводле ўзроўню гадавой інфляцыі ў 1997-2015 гадах Беларусь з\’яўляецца сусветным лідарам. Лідарства, якое прымушае сарамліва чырванець не толькі віп-чыноўнікаў, але і грамадзян нашай краіны. Першае – за не прафесіяналізм, другое – за цярпенне непрафесіяналаў.

Па-трэцяе, за дэіндустрыялізацыю і разбурэнне працоўных месцаў. У стане банкруцтва або блізкім да яго цяпер знаходзіцца блізу 1300 прамысловых прадпрыемстваў. Амаль мільёну беларусаў у працаздольным узросце не знайшлося месца на рынку працы. Плюс больш за паўмільёна працоўных месцаў – у зоне наўпроставай пагрозы ліквідацыі.

Звыш 50 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў да канца года будуць вымушаныя спыніць працу праз эканамічную палітыку ўрада. А калі прыняць да ўвагі скандальную пастанову №666, то гэтая лічба будзе істотна вышэйшай.

Па-чацвёртае, за правалы ў дзяржаўнай інвестыцыйнай палітыцы. Цягам апошніх 10 гадоў урад накіраваў у дрэваапрацоўку, ільнаводства, сельскую гаспадарку, сектар будматэрыялаў, энэргетыку ў эквіваленце блізу 100 млрд даляраў, сабраных з падаткаплацельшчыкаў. А які ККД? На выхадзе мы маем рэцэсію ў эканоміцы, імклівае скарачэнне экспарту, энэргаёмістасць у 2-3 разы вышэйшую, чым у Еўразвязе, прадукцыйнасць працы – у 3-5 разоў ніжэйшую, чым у ЗША, ФРГ ці Канадзе.

Па-пятае, за скандальна нізкую якасць кіравання дзяржаўнымі актывамі і рэсурсамі. Ва ўпраўленні кіроўнага клана знаходзяцца грамадскія багацці на суму больш за 150 млрд даляраў. Пры гэтым даходы ў бюджэт ад кіравання гэтымі актывамі і рэсурсамі мізэрныя, менш за 1% ад сукупных даходаў бюджэту. А вось аб\’ём «замарожанага» капіталу ў складскіх запасах, неліквідах, беззваротных пазыках, будынках, якія руйнуюцца, ржавеючых станках, машынах і абсталяванні перавышае 15 млрд даляраў. Гэта не проста шкодніцтва, гэта дзеянні, накіраваныя на падрыў падмурка нацыянальнай бяспекі.

Па-шостае, за даўгавыя распіскі, якімі ўлады па руках і нагах звязалі сваіх грамадзян. Сукупная вонкавая пазыка ўжо перавысіла 40 млрд даляраў. Вялізныя для Беларусі грошы! Кожны з нас, не атрымаўшы ні капейкі, вінны больш за 4 тысячы даляраў. І самае сумнае, што ідзе назапашванне крэдытаў, узятых не на развіццё, не на мадэрнізацыю, а на выплату і абслугоўванне старых пазык.

Цяперашняя сістэма – тупік! Ні ідэй, ні канкурэнцыі, ні матывацыі, ні руху, ні развіцця. І адказнасць за гэта цалкам і цалкам ляжыць на Лукашэнку і ягоным урадзе. Беларусі патрэбны новы эканамічны курс – праграма «Мільён новых працоўных месцаў», новая, адказная, прафесійная каманда. Але для гэтага неабходна адна ўмова – сумленныя, свабодныя выбары.

Анатоль Лябедзька, «Беларускія навіны»