Навіны

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч на гадавіну свайго вызвалення адкаркаваў армянскі каньяк 1968 году

Экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Мікалай Статкевічраспавёў сайту palitviazni.info пра тое, што было для яго самым складаным за той год, што ён правёў пасля выхаду на волю.

Нагадаем, палітык быў вызвалены 22 жніўня 2015 году пасля амаль пяцігадовага зняволення.

– Што было самым складаным у першы год свабоды? – перапытвае палітык. – Напэўна, спробы стварыць кааліцыю. Пасля вызвалення мне былі незразумелыя не зусім адказныя паводзіны некаторых калегаў па дэмакратычных сілах. Склалася ўражанне, што ўлада, так бы мовіць, акрэсліла ім пэўныя рамкі, за якія яны не могуць выходзіць. Альбо, мажліва, яны самі гэтыя рамкі зразумелі і прынялі ўмовы гульні. Абмежаванне даведзена, і яны яго не парушаюць. Складана, калі людзі не кажуць “так” ці “не”, выкручваюцца, хлусяць і не глядзяць у вочы.

Я вельмі расчараваны паводзінамі сваіх калег, але праца па аб’яднанні дэмакратычных сілаў працягнецца. І найперш – у рэгіёнах. Зараз мы пачакаем заканчэння выбарчай кампаніі і працягнем справу.

– Успамінаеце жыццё за кратамі?

– Я спрабую абстрагавацца, не пускаю гэта ў сябе. Было – і было. Безумоўна, добрага ў знаходжанні за кратамі мала. З 60 пражытых мною гадоў сем з паловай (з улікам “хіміі” і шматлікіх адміністратыўных арыштаў) я не быў вольным чалавекам. Шкада, але што зробіш. Трэба рухацца наперад.

– Кажуць, што ва ўсім дрэнным можна знайсці для сябе нешта станоўчае. Што станоўчага даў вам турэмны досвед?

–  Я даведаўся законы гэтага свету. Была магчымасць вывучаць сябе, думаць пра сэнс жыцця, пра будучыню, узгадваць мінулае. І яшчэ пагаджуся з тымі, хто кажа так: каго турма не забівае, то робіць мацнейшым. У турме я не захаваў бы сябе, як асобу, калі б не быў гатовы ісці да канца. Дарэчы, гэты выраз “ісці да канца” зараз зацягалі пэўныя асобы, якія ставяць сябе апазіцыйнымі палітыкамі. Для мяне ж ісці да канца – гэта ісці да смерці. Калі ты гатовы на такую ахвяру, то цябе не перамагчы. А я быў гатовы да ўсяго, і гэта зрабіла мяне толькі мацнейшым.

– Гадавіну вызвалення вы нейкім чынам адзначылі?

– Безумоўна, для нашай сям’і дзень 22 жніўня – свята. Калі ты гадамі не бачаш сонца, дрэвы і сваіх блізкіх, то выхад на волю – святочная падзея.

У 2010 годзе мне давялося быць на адным мерапрыемстве ў Ерэване, і тамтэйшыя калегі падарылі пляшку каньяку аж 1968 году! Мы доўга вырашалі з жонкай, калі яго адкаркуем. У гадавіну майго вызвалення вырашылі – самы час…

palitviazni.info