Выбары

Былыя палітвязні рыхтуюцца да акцыі “Вярні выбары”

Былыя палітвязні і экс-кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч 6 верасня паведамілі ў Менгарвыканкам пра намер правесці 12 верасня акцыю на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

“У адпаведнасці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі пагадненнямі, мы маем намер правесці 12 верасня 2016 года на Кастрычніцкай плошчы Мінска масавую акцыю з патрабаваннем сапраўдных выбараў замест выбарчых фарсаў, якія рэгулярна арганізуе правячы рэжым, – сказана ў заяўцы. – У Беларусі адсутнічае законна абраны парламент і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацый. Прапануем выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць безперашкоднае правядзенне акцыі”.

“Калі адзіная рэакцыя ў адказ на фальсіфікацыі і ўкрадзеную перамогу – толькі пакрыўджаныя заявы і скаргі заходнім партнёрам, то такія паводзіны нельга назваць годнымі, – заявіў раней Мікалай Статкевіч. – Чакаем усіх кандыдатаў, вынікі галасавання па якім будуць сфальсіфікаваны, а таксама сябраў іх каманд. Абараніць свой гонар, а таксама гонар выбаршчыкаў, якія галасавалі за вас – ваш абавязак”.

– Мяркую, пра акцыю насельніцтва праінфармавана, таму выбар за людзьмі, – распавёў палітык сайту palitviazni.info. – Арганізацыі, якія ўваходзяць у Беларускі нацыянальны кангрэс, гатовы узяць удзел у акцыі. Праўда, мы са здзіўленнем пачулі заявы кіраўнікоў цэлага шэрагу дэмакратычных партый, якія заявілі пра свой няўдзел. Я разумею іх матывы, ім – страшна. Але, спадзяюся, што шэраговыя сябры іх партый усё-такі пераадолеюць страх і возьмуць удзел у мерапрыемстве.

– Акцыя запланавана на наступны дзень пасля выбараў. Гэта зроблена адмыслова?

– Так, як ужо казаў, каб сотні дэмакратычных актывістаў, якія бяруць удзел у выбарах, маглі далучыцца да нас. Таксама я думаю, што гэта абавязак соцен альтэрнатыўных кандыдатаў, якіх у чарговы раз выкарысталі ў якасці статыстаў, а галасы іх скралі. Яны таксама могуць сказаць сваё слова на акцыі, і мы прадаставім ім такую мажлівасць на наступны дзень пасля выбараў.

— Вы разлічваеце на масавасць акцыі?

— Я не займаюся прагнозамі.

palitviazni.info