Чалавек, якога ўлада не можа зламаць

Не ўсе зразумелі, навошта Мікалай Статкевіч і я падавалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатамі ў дэпутаты. Зразумела, для нас было чаканым, што іх не зарэгіструюць. І тым болей мы ведалі, што кандыдатамі нам стаць дакладна не дазволяць. Але за размовамі пра выбары і байкоты шмат хто пачаў забываць, што ўладам амаль удалося дасягнуць сваёй мэты.

Для яе знікае альтэрнатыва, і перш за ўсё — альтэрнатыва персанальная. Дастаткова прааналізаваць, што адбываецца з былымі кандыдатамі ў прэзідэнты, каб пабачыць, што поле чысцяць, каб не засталося нікога з вядомых народу канкурэнтаў. І Мікалай Статкевіч, адзіны былы кандыдат, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў турме, застаецца найважнейшым сімвалам альтэрнатывы. Сімвалам нязломнасці.

І гэтай нязломнасці ўлада баіцца найбольш. Бо ў час, калі большасць актыўных беларусаў знаходзяцца ў палітычнай дэпрэсіі, ёсць чалавек, які не толькі гаворыць, але і дэманструе сваю моц.

На сёняшні дзень мая каманда і каманда Міколы Статкевіча атрымалі адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў з усіх выбарчых камісій. Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік патлумачыў, што групы Статкевіча не зарэгіструюць па прычыне “судзімасці” кандыдата, а мае — ў сувязі з тым, што я не пражываю ў Беларусі. Таксама Мікалай Лазавік не пабаяўся назваць нашыя дзеянні па рэгістрацыі ініцыятыўных груп “піярам”. Але мы чарговы раз узнялі не толькі праблему палітвязняў, якая, безумоўна, самая важная. Мы таксама прадэманстравалі, што недастаткова проста вызваліць палітзняволеных. Трэба іх рэабілітаваць, каб яны зноў валодалі ўсімі грамадзянскімі правамі, у тым ліку правам быць абранымі ў ворганы дзяржаўнага кіравання. І самае важнае: трэба правесці па-сапраўднаму справядлівыя выбары.

Для Мікалая Статкевіча, пры яго сувязях у Сацыялістычным інтэрнацыянале, які з’яўляецца самай скансалідаванай міжнароднай палітычнай структурай, не было б праблемай дамовіцца пра сваё вызваленне ўзамен на эканамічныя прэферэнцыі рэжыму з боку Захаду. Толькі ён свядома заяўляе, што не хоча, каб яго выкупалі як закладніка ў тэрарыстаў. Мы хочам якасных зменаў, якія вернуць у Беларусь свабоду выбару.

Праз атрыманыя адмовы ў праве вылучэння ў дэпутаты Мікалай Статкевіч і я жадалі ў чарговы раз паказаць, што папярэднія прэзідэнцкія выбары не могуць быць скончаны, пакуль не вызвалены і не рэабілітаваны ўсе ўдзельнікі прэзідэнцкай кампаніі і пакуль у Беларусі няма свабоднага выбарчага працэса. І ў Беларусі эканамічныя перспектывы з’явяцца толькі ў тым выпадку, калі беларусы адстаяць сваё права абіраць уладу.

І сёння нас да гэтага набліжае чалавек, якога ўладзе не ўдаецца зламаць. Імя яму — Мікалай Статкевіч.

Алесь Міхалевіч naviny.by