Ці адбудзецца аб’яднаўчы кангрэс апазыцыі?
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абвясьціў пра тое, што правацэнтрысцкая апазыцыя мае намер склікаць перад выбарамі кангрэс дэмакратычных сілаў. Чаму АГП выступае за кангрэс, адмовіўшыся далучыцца да кангрэсу, кіраванага Ўладзімерам Някляевым, Міколам Статкевічам і Станіславам Шушкевічам?
Дракахруст: Правацэнтрысцкая кааліцыя плянуе правесьці кангрэс — пра гэта нядаўна паведаміў кіраўнік Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Нагадаю, што ў кааліцыю ўваходзяць рух «За свабоду», АГП і аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
Паводле задумы, кангрэс дэмакратычных сілаў стаў бы сумесным стартам парлямэнцкай выбарчай кампаніі.
Лябедзька заявіў, што ідэя кангрэсу абмяркоўваецца ня толькі ў правацэнтрысцкай кааліцыі, але і на пасяджэньні кансультатыўнай нарады дэмакратычных арганізацыяў.
Старшыня АГП падкрэсьліў, што кангрэс можна правесьці напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты або пасьля яе. У апошнім выпадку ўдзельнікамі кангрэсу сталі б самі кандыдаты ў дэпутаты.
“Раней прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі не падтрымалі ідэю кангрэсу.”
Варта нагадаць, што месяц таму ў менскім сквэры імя Янкі Купалы прайшоў устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Яго арганізатарамі і кіраўнікамі былі Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Станіслаў Шушкевіч, аднак тады прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі не падтрымалі ідэю кангрэсу і не скарысталіся прадастаўленымі ім квотамі ў яго кіраўніцтве.
Цяпер, як бачым, сама кааліцыя — АГП, руху «За свабоду» і БХД — ініцыюе свой кангрэс, дзе, відаць, умовы будуць вызначаць гэтыя арганізацыі.
Лябедзька, як я ўжо сказаў, ня выключыў, што на кангрэсе будуць прадстаўленыя не адно чальцы кааліцыі.
На заяву палітыка рэзка адрэагаваў яго калега, старшыня руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць» Уладзімер Някляеў. Ён абвінаваціў Лябедзьку ў парушэньні дамоўленасьці. «Насамрэч вяліся размовы пра тое, што мы можам правесьці перад парлямэнцкімі выбарамі нейкую сумесную імпрэзу — ці гэта кангрэс, ці гэта сход, ці гэта, як прапаноўвалася, асамблея. Але там была вельмі простая дамоўленасьць — пакуль мы ня прыйдзем да нейкага выніку, да насамрэч агульнага рашэньня, пра гэта нідзе ў СМІ не абвяшчаць. І вось Анатоль Лябедзька заяўляе пра тое, што правацэнтрысцкая кааліцыя зьбіраецца праводзіць кангрэс. Ну, калі хацець заваліць гэтае пытаньне, спляжыць усе дамоўленасьці, то гэта было найлепшае, што можна было зрабіць» — патлумачыў сваю пазыцыю Някляеў.
Ідэя аб’яднаньня апазыцыі, сымбалем і інструмэнтам якога зьяўляецца кангрэс, застаецца папулярнай у пэўных грамадзкіх колах. Але палітыка — гэта барацьба за ўладу, за ўладу ў апазыцыі ў тым ліку. На першы погляд лягічна было б, калі кааліцыя ўвайшла ў структуры кангрэсу, ўжо створанага Някляевым, Статкевічам і Шушкевічам. Але, відаць, кааліцыянты палічылі, што рэй у тым кангрэсе будуць весьці не яны, таму і ўзьнікла прапанова новага кангрэсу.
Ня выключана, што пэўную рацыю мае і Някляеў у сваіх абвінавачваньнях — магчыма і праўда Лябедзька агучыў яшчэ не падрыхтаваную ідэю, каб надзейна пахаваць яе, не нясучы за тое адказнасьці.
Ну а што тычыцца шырокай публікі, то яна, на шчасьце, пра гэтыя павароты апазыцыйнай палітыкі ня ведае. Бо мільгаценьне кангрэсаў, перакіданьне адказнасьці за адсутнасьць адзінства адзін аднаму, як гарачай бульбіны, наўрад ці зрабіла б на публіку добрае ўражаньне.
Карбалевіч: Аб’яднаньне апазыцыі — гэта вечнае беларускае пытаньне. Яно стаіць на парадку дня апошнія два дзясяткі гадоў. І без асаблівага посьпеху.
Сёньня сытуацыя з аб’яднаньнем горшая, чым калі-небудзь раней. І для гэтага ёсьць шмат прычынаў. Я назаву толькі дзьве.
Выкідваньне апазыцыі з сыстэмнай палітыкі, яе маргіналізацыя дасягнула такой стадыі, што фактычна адзіную задачу, якую яна рашае, гэта самавыжываньне. То бок, калі б на парадку дня стаяла пытаньне змаганьня за ўладу, то тады курс на аб’яднаньне быў бы тактычна выйгрышным. А паколькі такая задача не стаіць, то няма і памкненьняў да гэтага. Лідэры апазыцыі лічаць, што ня варта ахвяраваць сваімі амбіцыямі і пазыцыямі невядома дзеля чаго. Калі б на кану стала пытаньне ўлады, то быў бы прыз, да якога варта было б імкнуцца
“Цяпер стаіць задача самавыжываньня.”
А цяпер стаіць задача самавыжываньня, самазахаваньня. Кожная партыя і арганізацыя трымаецца сваёй дзялянкі. А аб’яданьне можа гэтую дзялянку зьнішчыць. Так думаюць апазыцыйныя лідэры. Дзеля чаго дзяліць акругі, калі перамога апазыцыянэра немагчымая? Каб прадэманстраваць грамадзтву моц і адзінства апазыцыі? Вельмі абстрактная і слабая матывацыя
Другі момант. Захад перастаў разглядаць беларускую апазыцыю, як чыньнік дэмакратычных пераменаў у Беларусі. Раней ён ставіў на апазыцыю, падтрымліваў яе. І такім чынам падштурхоўваў яе да адзінства, аб’яднаньня. Цяпер жа падтрымка больш умоўная, маральная, больш фармальная. То бок зьнік вонкавы чыньнік, які спрыяў адзінству.
Цяпер адбываецца спаборніцтва за тое, хто ёсьць ініцыятарамі кангрэсу дэмсілаў. Калі ініцыюем мы, то мы за кангрэс, калі не, то супраць. Там можна пракамэнтаваць гэтую палеміку. Бо хто ініцыюе, той вызначае парадак дня і, значыць, прэтэндуе на лідэрства.
Цыганкоў: Сапраўды цяпер адбываецца бітва кангрэсаў і сапраўды барацьба за аўтарытэт, за першынство ў апазыцыі, якая абвастрылася апошнія месяцы і нават вылілася ў публічнае жыцьцё. Раней гэта адбывалася «пад кілімам», а цяпер усё часьцей, дзякуючы і прэсе, і сацыяльным сеткам, разыходжаньні паміж палітычнымі лідэрамі выходзяць на публіку.
На сёньня для большасьці гульцоў апазыцыі так званая еднасьць зусім не зьяўляецца нейкім прыярытэтам альбо важным пасылам. За апошнія месяцы ў перадачы «Інтэрвію тыдня» некалькі разоў удзельнічалі палітыкі, напрыклад, Аляксей Янукевіч, кіраўнік БНФ, альбо намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Алесь Лагвінец. І абодва яны палымяна і грунтоўна даказвалі, чаму на дадзеным этапе ніякая еднасьць асабліва не патрэбная, а наадварот нават варта выкрышталізаваць сваю пазыцыю.
“Не стаіць задача перамагчы на гэтых парлямэнцкіх выбарах.”
Той жа БНФ, хоць некаторыя кажуць пра кадравы крызыс і адсутнасьць росту гэтай арганізацыі, заяўляе, што пойдзе на выбары асобнай калёнай. Проста аб’ектыўна немагчыма і не стаіць такая задача перамагчы на гэтых парлямэнцкіх выбарах, паколькі ўлада калі каго і прапусьціць, то па нейкіх сваіх матывах. Таму проста розныя апазыцыйныя сілы вырашылі да гэтых выбараў ставіцца як да трэніроўкі сваіх партыйных структураў, добрай практыкі на будучыню.
Гэта тая кампанія, дзе кожная палітычная сіла разумее, што ў цяперашніх умовах наўрад ці каго прапусьцяць у парлямэнт. Таму фармаваньне партыйнага сьпісу ішло б больш лёгка, калі б партыі спадзяваліся на нейкую перамогу. А калі такога няма, то цяпер зьнятыя ўсе бар’еры для таго, каб на час запанавалі эгаістычныя памкненьні. Нічога асабліва добрага гэта ў апазыцыйную палітыку не прыносіць, паколькі гэтыя эгаістычныя вузкапартыйныя памкненьні могуць захапіць апазыцыйных палітыкаў, і тыя могуць забываць, дзеля якой агульнай стратэгічнай мэты яны існуюць — а менавіта дзеля змаганьня з дзейным рэжымам.