Выбары

Мікалай Статкевіч: Пачалася "парламентская кампанія"…

І гэта актывізавала дыскусію пра стратэгію дэмакратычных сілаў падчас “выбараў”. Прыхільнікі ўдзелу ў іх кажуць, што такі падыход дазволіць зрабіць папулярнымі праграмы апазіцыйных партый, падняць іх рэйтынг і прыцягнуць новых актывістаў, а таксама даказаць несумленнасць “выбараў” і не дапусціць легітымізацыі “парламента”.

З гэтым можна пагадзіцца, калі кампанія будзе праведзена дэмакратамі прынцыпова, супольна і годна. Інакш эфект ад яе будзе супрацьлеглым.

Калі дэмакратычныя кандыдаты замест таго, каб атакаваць галоўнага віноўніка ў цяжкім становішчы беларускай эканомікі і дзяржавы, пачнуць прапаноўваць цудоўныя эканамічныя праграмы і заклікаць галасаваць за сябе любімых, то людзі не ўспрымуць сур\’ёзна ні такіх кандыдатаў, ні іх праграмы. Масавы выбаршчык цудоўна разумее, што змены ў краіне без замены “перасідэнта” немагчымыя. Большасць ведае, што галасы на нашых “выбарах” не лічаць. Таму стаўленне да цудадзейных праграмаў і іх аўтараў будзе паблажлівым.

Адпаведна, не вырасце і рэйтынг апазіцыйных партый. Тым болей, што выбаршчык, які абыякавы да падзелу па партыйным ідэялогіям, можа проста заблытацца ў шматлікіх партыйных кандыдатах і іх праграмах.

Вялікая колькасць апазіцыйных кандыдатаў у адной акрузе пры мажарытарных выбарах у адзін тур прывядзе да расцягвання галасоў дэмакратычных выбаршчыкаў і нават да сумленнай перамогі кандыдата ад улады. Рэальнай зробіцца міжнародная легітымізацыя “парламента”. Гэта адбудзецца амаль гарантавана, калі пасля чарговых фальсіфікацыяў не будзе акцый пратэсту супраць іх. Калі народ не хоча змагацца за сваю свабоду, то ніхто не будзе рабіць гэта за яго. 
Пасля апошніх прэзідэнтскіх выбараў ніводзін з “альтэрнатыўных” кандыдатаў не заклікаў да пратэсту супраць фальсіфікацый. Вынікам сталася зняцце санкцый з беларускага рэжыму.
Калі дэмакратычныя кандыдаты і партыі не будуць падчас кампаніі жорстка крытыкаваць рэжым, не сфармуюць адзіны блок і спісак кандыдатаў, не правядуць годную акцыю пратэсту супраць фальсіфікацый, то стаўленне да іх у грамадстве не палепшыцца. Бо людзі паважаюць годныя паводзіны, а не дэкларацыі. Адпаведна, новыя актывісты не далучацца да арганізацый, якія ў чарговы раз прадэманструюць адсутнасць адказнасці, самапавагі і мужнасці.

Беларусь чакаюць драматычныя падзеі. Дэмакратычныя сілы павінны сустрэць іх аўтарытэтнымі і кансалідаванымі. “Выбарчая кампанія” – добрая магчымасць для іх зрабіцца такімі.

Мікалай Статкевічwww.facebook.com