Ці мае права грамадзянін на байкот выбараў? (+ відэа)
Cёння на сустрэчы кіраўніцтва Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) і прадстаўнікоў ацэначнай місіі БДІПЧ АБСЕ абмяркоўваўся шэраг пытанняў, у тым ліку і пра забарону агітацыі за байкот выбараў.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік нагадаў прадстаўнікам місіі, што Беларусь далучылася да Канвецыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, правоў і свабод дзяржаваў-удзельніц СНД, і адзначыў:
“У адпаведнасці з гэтай Канвенцыяй байкот забаронены. Прычым гэтая забарона распаўсюджваецца не толькі на выступы кандыдатаў, а на ўсіх грамадзян краіны”.
Аднак, прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”звяртаюць увагу, што не зразумела, ці то наўмысна, ці то не, але сакратар ЦВК не цытуе палажэнне п. 8 арт. 9 гэтай Канвецыі. Менавіта гэты пункт датычыцца права грамадзянаў на адмову ад выканання выбарчых працэдураў або выбарчых дзеянняў, байкот і заклікі да байкоту выбараў, а таксама прыцягненне да адказнасці асобаў, якія перашкаджаюць грамадзянам у рэалізацыі такіх правоў.
“Грамадзяне могуць прымаць удзел у выбарах і, такім чынам, рэалізоўваць свае выбарчыя правы. А таксама могуць дабраахвотна адмаўляцца ад рэалізацыі выбарчых працэдураў, заклікаць да байкоту выбараў ці ажыцяўляць байкот выбараў. І гэта цалкам адпавядае палажэнням артыкула 9 Канвенцыі”, – заўважае намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Сыходзячы з гэтага, праваабаронцы лічаць, што артыкул 49 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які забараняе закліклі да адмовы выбарчых працэдураў і ўводзіць адказнасць за такія заклікі, пярэчыць Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, што была ратыфікавана Беларуссю.