Асабістая думка

Юры Хашчавацкі: Не забудзьцеся выключыць тэлевізар!

Рэжысёр Юры Хашчавацкі распавёў пра сённяшняе замбаванне беларусаў расейскай прапагандай.

Пра гэта рэжысёр распавёў «Радыё Рацыя».

– Расейская прапаганда ў Беларусі адчуваецца, таму што аб\’ектыўна яна тут ёсць. І яна вельмі моцна ўздзейнічае на псіхіку людзей. Я гэта па сабе адчуваю, гэта невыносна… Таму цалкам апошнім часам адключыўся ад тэлевізара і раю тое ж самае зрабіць усім астатнім. Такую колькасць хлусні проста невыносна глядзець і слухаць. Гэта ўжо гвалт над мозгам. Тым не менш, гэта працуе, хоць з другога боку, як ні дзіўна, я бачу і нелюбоў да Расеі, да расейцаў, што праяўляецца нават на побытавым узроўні. Могуць, напрыклад, пракалоць колы ў машыне з георгіеўскімі стужкамі або расейскімі нумарамі…

– Ці моцна падзялілі беларускае грамадства падзеі ва Украіне?

– Што да тэмпературы, што да напалу страсцей – не вельмі моцна, хоць некаторае раз\’яднанне ёсць. Беларусы заўсёды жылі з думкай «толькі б не было вайны», і сітуацыя ва Украіне іх, безумоўна, палохае. Гэта «ўкраінскі сіндром».

– Беларусы ў большасці сваёй хочуць быць з Расеяй ці з Еўропай?

– Па-рознаму. Мне здаецца, што беларусы нярэдка бываюць у Еўропе, бачаць, якія там кошты, пачынаюць усё разумець… А наогул, беларусы – гэта такія людзі, якія хацелі б купляць танны бензін у Расеі і такія ж прадукты – у Польшчы. Людзі ўсё ацэньваюць праз свой дабрабыт, праз жыццё. У гэтым і ёсць падзел нашых людзей у грамадстве. Дзякуй Богу, што пакуль яно не антаганістычнае. А што тычыцца ўладаў, то яны ідуць, па маім асабістым меркаванні, верным шляхам здачы суверэнітэту.

– Сёння шмат спрачаюцца: ці ёсць для беларусаў пагроза з боку так званага «рускага свету», расейскай прапаганды?

– На днях я быў у Маскве, дзе здымаў Юрыя Афанасьева, які ў свой час разам з Ельцыным быў сустаршынём міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, і чый выраз «агрэсіўна-паслухмяная большасць» стала ўжо класікай. Дык вось ён сфармуляваў для мяне вельмі цікавую рэч. Афанасьеў сказаў: «Розніца паміж заходняй дактрынай і ўсходняй заключаецца ў тым, што Захад заўсёды будаваў сваю цывілізацыі на уласнасці на зямлю, а Усход – на уласнасці на людзей». Вось людзі ў нас – ўласнасць дзяржавы. І цяперашняя расейская прапаганда, якая ўздзейнічае на народ, з той жа оперы. Але людзі павінны разумець – калі іх пазбаўляюць права крытычна думаць, то такім чынам яны аддаюць сябе ва ўласнасць улады. Калі народ не пярэчыць, каб быць уласнасцю, то мы пазбаўляемся будучыні. А расейская прапаганда (ды і беларуская) цалкам заточаныя на гэта – пазбавіць чалавека здольнасці крытычна думаць і бачыць усе памылкі ўлады. Мне здаецца, што кожны чалавек павінен знайсці ў сабе сілы, каб гэтаму супрацьстаяць. Магу нават падказаць рэцэпт: «Не забудзьцеся выключыць тэлевізар!»