Ці выйдзе сёння на волю Мікалай Статкевіч?

Мікалай Статкевіч павінен выйсці на волю пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту ўжо сёння, 31 жніўня а 12-й гадзіне. Ці будзе ён вызвалены?

Палітык быў асуджаны да пяці сутак адміністратыўнага арышта суддзём суда Маскоўскага раёна г. Мінска Петрашам А.А., нібыта, яшчэ 15-га траўня. Але даведаўся аб гэтым толькі пасля затрымання 26 жніўня.

Падставай для арышту стаў яго ўдзел у сустрэчы 30 сакавіка пасля вызвалення з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў дэмакратычных актывістаў, асуджаных пасля гвалтоўных дзеянняў сілавых структур у цэнтры Мінска 25 сакавіка 2017 года.

Згодна з судовай пастановай, Мікалай Статкевіч разам з групай іншых людзей колькасцю ў сем чалавек “разгарнулі вялікі бела-чырвона-белы сцяг і публічна яго дэманстравалі  працягу адной хвіліны, пасля чаго згарнулі сцяг і разыйшліся”.

Суддзя Петраш расцаніў гэта, як удзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве – сходзе, “з мэтай калектыўнага абмеркавання пытанняў, якія закранаюць іх інтарэсы” і пакараў палітыка пяццю суткамі зняволення.

Сёння а 12-й гадзіне Мікалай Статкевіч павінен быць вызвалены.

Але ці ўбачым мы палітыка на волі, невядома. Бо 9-га жніўня ўжо ў судзе Ленінскага раёна Мінска суддзя Кавяка Ю.В. удзел Статкевіча ў святкаванні Дня вызвалення Мінска – 3-га ліпеня на Цэнтральнай плошчы сталіцы “ацаніла” 15-цю суткамі адміністрацыйнага арышта.

Для паплечнікаў і блізкіх Мікалая Статкевіча відавочна, што спробы ізаляваць палітыка любой цаной звязаныя наўпрост з плануемай 8-га верасня Акцыяй папярэджання, у якой ён збіраецца ўзяць удзел. Для гэтага, на думку ўладаў, любыя сродкі прыдатныя – і “пратэрмінаваныя” пастановы, і выкраданне ў цэнтры сталіцы, і любая мана.

“Я ў любым выпадку буду яго чакаць ля ЦІПа а 12-й,”- кажа жонка Статкевіча Марына Адамовіч.