Статкевічу і Ціханоўскаму выставілі абвінавачанне
| ФОТА | Сяргей Ціханоўскі да затрымання. Фота: «Белсат»
ГСУ Следчага камітэту скончыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні блогера Сяргея Ціханоўскага, лідара незарэгістраванага аб’яднання «Народная грамада» Мікалая Статкевіча ды іхных паплечнікаў.
Сяргея Ціханоўскага вінавацяць у злачынствах паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых закалотаў»);
- ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»);
- ч. 2 арт. 191 («Перашкода працы ЦВК»);
- ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Максімальную санкцыю прадугледжвае частка 1 артыкулу 293: паводле яе блогер можа атрымаць да 15 гадоў зняволення.
СК сцвярджае, што абвінавачваныя рыхтавалі масавыя закалоты на тэрыторыі Беларусі ў паслявыбарчы перыяд. Ціханоўскі ў сваім YouTube-канале «Страна для жизни» і аднайменным Telegram-канале нібыта адкрыта заклікаў да гвалту супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў, а таксама сваймі выказваннямі «распальваў сацыяльную варожасць у грамадстве паводле прыкметаў сацыяльнай прыналежнасці».
Падчас следства нібыта сабралі доказы беспасярэдняй узаемасувязі здзейсненых злачынстваў з дзейнасцю «экстрэмістаў, якія ажыццяўляюць маніпуляванне грамадскаю свядомасцю пры дапамозе дэструктыўных тэлеграм-каналаў».
Таксама Ціханоўскі «перашкодзіў» працы ЦВК, быццам пагражаўшы Лідзіі Ярмошынай. А 29 траўня ён нібыта зарганізаваў у Горадні незаконную масавую акцыю пад выглядам пікету для збору подпісаў. І суправаджалася падзея «грубым парушэннем грамадскага парадку, гвалтам у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў, выразным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады».
Шкода ад дзеянняў Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў нібыта склала больш за 3,5 мільёна рублёў, таму маёмасць і грошы падвіноўных арыштаваныя.
Цяпер выконваюцца працэсуальныя дзеянні, накіраваныя на сканчэнне расследавання і азнаямленне ўдзельнікаў з матэрыяламі крымінальнай справы.
Блогер Сяргей Ціханоўскі планаваў стаць адным з супернікаў Аляксандра Лукашэнкі на леташніх прэзідэнцкіх выбарах. Аднак зарэгістравацца ён не здолеў, таму ўдзел у кампаніі ўзяла ягоная жонка Святлана Ціханоўская. 29 траўня 2020 года Ціханоўскага затрымалі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён застаецца за кратамі. Тэрмін утрымання пад вартаю яму неаднаразова падаўжалі.
ЯП, belsat.eu