Навіны

Ціск не спыняецца

«Схільны да нападу, уцёкаў і… захопу закладнікаў» — новыя падрабязнасці аб сабе даведаўся Мікалай Статкевіч.

«Днямі са мной праводзілі гутарку два маёры. Адзін паведаміў, што я з\’яўляюся афіцыйна «схільным да ўцёкаў і нападу» (пра што даўно ведаю), а таксама «да захопу закладнікаў» (пра што не ведаў). Шчыра захапляюся мужнасцю гэтых маёраў — адны ў пакоі з такім страшным чалавекам», — напісаў палітык у лісце да жонкі, Марыны Адамовіч.

— На жаль, гэта не адзіная непрыемная навіна на сёння, — кажа спадарыня Марына. — Тэатр абсурду — інакш нельга назваць усе гэтыя абвінавачванні. Але ж яны маюць абсалютна рэальныя наступствы, якія абцяжарваюць жыццё зняволенага, пагаршаюць умовы яго існавання. Працягваюцца праблемы з ліставаннем, якія знянацку абвастрыліся — сканфіскоўваюць ліст за лістом, адбываюцца нейкія іншыя дробныя правакацыі, як сказаў Мікола.

Мушу сказаць, я наўпрост звязваю ўсё гэта з заўважнай актывізацыяй «на заходнім накірунку». 

Чым больш «авансаў» і «пазітыўных сігналаў» бачаць еўрапейцы, тым большае жаданне ўладаў «вырашыць праблему палітвязняў» па свайму сцэнару — праз прашэнні, — зазначыла Марына Адамовіч.

Яна нагадала, што яшчэ у 2008 годзе «праблему» Казуліна, дзеля паляпшэння стасункаў з Захадам, спрабавалі вырашыць, прапанаваўшы яму з\’ехаць з краіны. Тую ж прапанову,цяпер ужо для вязняў Плошчы, публічна агучыў Аляксандр Лукашэнка яшчэ 7 ліпеня 2011 года перад мурамі шклоўскай калоніі, дзе тады знаходзіўся Мікалай Статкевіч і яшчэ чатыры палітвязні: Аляксандр Класкоўскі, Алег Гнедчык, Уладзімір Лобан, Дзмітрый Новік.

— Ад ідэі «выціснуць» з палітвязняў прашэнні рэжым не адмовіўся і дагэтуль. На жаль, гісторыя не вучыць. Усе ўжо забыліся, што сапрвўдны ўціск на палітвязняў пачаўся менавіта пасля адмовы падпісаць прашэнні і з\’ехаць.  І новыя абвінавачванні, і інфармацыйная ізаляцыя вельмі нагадваюць тое, што старую, заезджаную кружэлку ізноў імкнуцца пусціць у ход. Гэта — не тая ўпартасць, якая вартая павагі, — кажа Марына Адамовіч