ЦВК адмовіў у рэгістрацыі 8 ініцыятыўным групам «кандыдатаў пратэсту» Статкевіча. «Мы створым іншыя групы»
ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў Анжалікі Жалязьняковай, Веранікі Мішчанка, Аляксандра Грачышнікава, Вольгі Мікалайчык, Вікторыі Хатэнкі, Ігара Клешчука, Валянціна Фралова, Антаніны Вішняковай.
Паводле загадчыцы прававой, аналітычнай і мэтадычнай работы ЦВК Галіны Мкртчан, падставай сталі шматлікія памылкі пры падачы дакумэнтаў, пры гэтым сьпісы ў іх часам супадалі.
ЦВК адмовіла блогеру Ціханоўскаму ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, Лукашэнку і Гайдукевіча зарэгістравалі
Паводле яе, падчас праверкі, ініцыяванай ЦВК, было выяўлена, што ў сьпісах недакладна напісаныя адрасы чальцоў ініцыятыўных групаў, што прозьвішчы паўтараліся, многія асобы бязь іхнай згоды былі ўключаныя ў сьпісы і самі былі «зьдзіўленыя» гэтым фактам, калі чыноўнікі ім тэлефанавалі. А значыць, адсутнічае элемэнт добраахвотнасьці, зрабіла выснову старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
ЦВК вырашыла, што гэтыя групы ня створаныя ў адпаведнасьці з законам і прынцыпам добраахвотнасьці. Галасавалі сьпісам за ўсе адразу.
Праз каранавірус выбарчыя камісіі будуць фармаваць без назіральнікаў. ЦВК прыняла рашэньне аб скарзе
Аргумэнты прэтэндэнтаў і іх прадстаўнікоў пра тое, што фізычна немагчыма абтэлефанаваць усіх, каб зрабіць падобныя высновы, былі праігнараваныя. А заявы прэтэндэнтаў пра тое, што яны гатовыя прывесьці сотні сваіх прыхільнікаў да ЦВК, Ярмошына назвала шантажом і запалохваньнем.
Статкевіч: «Мы не адмовіліся ад пратэстаў. Створым іншыя групы»
Мікалай Статкевіч адрэагаваў на адмову ЦВК зарэгістраваць некалькі ініцыятыўных груп «кандыдатаў пратэсту», заявіўшы Свабодзе, што будзе вылучаць іншых кандыдатаў — створыць невялікія групы з «жалезабэтонных партыйцаў».
«Безумоўна, улада „зацаніла“ гэты наш прыём. Нідзе ў законах не напісана, што ЦВК павінна правяраць сьпісы ініцыятыўных груп, а цяпер яны абзвоньваюць людзей. Хоць я ўпэўнены, што неабходная колькасьць людзей пацьвердзіла свой удзел.
Мы сутыкнуліся з тым, што спадарыня Ярмошына ўжо пачала лічыць галасы па-свойму, хоць раней гэта рабілася пасьля галасаваньня», — кажа Мікола Статкевіч.
Ён паабяцаў, што будзе падаваць яшчэ дакумэнты, хоць разумее, што лічыць зноў жа будзе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
«Мы створым невялікія групы, але з партыйцаў, людзей „жалезабэтонных“, скажам так.
Таксама разглядаем іншыя варыянты — мы будзем скарыстоўваць магчымасьці кандыдатаў. Мы не адмовімся ад пратэстаў, будзем шукаць ідэальныя формы, таму што выбараў няма. І ў гэтым чарговы раз пераканаліся. Будуць іншыя кандыдаты», — запэўніў Мікола Статкевіч.